Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Жорж Сименон

- Мы тады яшчэ не былi знаёмыя...

- Ну i што?.. Дык тым больш, што знаёмыя!.. Не, галубок!.. Трэба, каб я знайшоў добры спосаб... Вiдаць, зраблю гэта ўсё ж такi ў моры... Хто тут можа бачыць нас цяпер?.. Нiхто. Ты плаваць умееш?

- Трошкi.

Лябро адразу ж пашкадаваў, што сказаў гэтае "трошкi", якое магло канчаткова падштурхнуць Жуля да здзяйснення задуманага. I асцярожна зазiрнуў свайму кату ў вочы.

- Я заўсёды няблага плаваў...

- Але ты не зможаш плыць, калi атрымаеш добры ўдар па галаве... I слядоў пасля майго ўдару не застанецца... Трэба, каб я навучыўся кiраваць лодкаю, бо буду ж вяртацца на бераг адзiн... Насадзi ж мне новую пiяду!

Калi не торгала i Жуль быў у кепскiм настроi, ён зусiм ужо дапякаў Лябро.

- Ты, мусiць, думаеш купiць мяне тым, што будзеш кармiць i паiць? Га?.. А ўвесь час лiчыш, колькi я выпiў пляшак... Ты сквапны, Аскар! I эгаiст. А баязлiвец якi! Памерцi нават прыгожа не зможаш. Ведаеш, што я табе скажу? Ты мне агiдны. Дай выпiць...

Трэба было пiць разам з iм. Лябро жыў усё роўна як у нейкiм кашмары аглушаны вiном ужо з дзесяцi гадзiн ранiцы i п'яны ўшчэнт апоўднi. А Жуль нават праспацца яму не даваў пасля гэтага, будзiў у чатыры-пяць гадзiн дня, каб iсцi гуляць на плошчу ў шары.

Гуляць ён не ўмеў зусiм, але ўпарта iмкнуўся выйграць. Спрачаўся пасля кожнага ўдару, вiнавацiў iншых гульцоў у махлярстве. А калi хоць хто-небудзь з прысутных дазваляў сабе зрабiць заўвагу або ўсмiхнуцца, Жуль кiдаў тады шалёныя позiркi на Лябро.

- Спадзяюся, што ты перастанеш урэшце сустракацца з гэтым тыпам? - казала панi Лябро. - Думаю, гэта не ты плацiш за вiно, якое вы, кажуць, лiтрамi смокчаце?..

- Ды не... Не я...

Ведала б яна, што ён плацiў не толькi за вiно, але i за пражыванне Жуля ў "Ноевым каўчэзе", у тым лiку i за сталаванне!

- Паслухайце, пал Лябро, - казаў яму гаспадар гатэля Марыс. - Усялякiя клiенты ў нас былi. Але гэты зусiм навыносны. Учора ўвечары ён пагнаўся ў калiдоры за маёю жонкаю... Пазаўчора - за Жажо. Цяпер дзяўчына адмаўляецца заходзiць да яго ў пакой... Ён падымае нас сярод ночы, грукоча сваёю драўлянкаю па падлозе, каб запатрабаваць шклянку вады i таблетку аспiрыну... Лямантуе з любой нагоды, адсылае назад ежу, якую ён, цi бачыце, не ўпадабаў... Адбiвае, словам, ад гатэля пастаяльцаў... Я так больш не магу...

- Я прашу цябе, Марыс... Калi толькi ты паважаеш мяне, як сябра...

- Дзеля вас я ўсё гатовы зрабiць, пан Лябро... Але не дзеля гэтага аднаногага, не...

- Пацярпi яго яшчэ два тыднi...

Два тыднi... Тыдзень... Трэба было выйграць час... Пазбегчы смерцi... А яшчэ прыходзiлася штодня па некалькi разоў улагоджваць гульцоў у шары: людзi адмаўлялiся гуляць з гэтым нахабным шаленцам, якi няспынна сварыўся i кляў кожнага, не лезучы за словам у кiшэню...

- Трэба табе пагуляць сёння, Вiяль... I Герсi папрасi прыйсцi... Скажы яму ад майго iмя, што гэта вельмi важна... Проста неабходна, каб ён сёння прыйшоў...

Плакаць хацелася ад такой абразы. Iншы раз Лябро казаў сам сабе, што Жуль - вар'ят. Але гэта нiчога не мяняла. Не мог жа ён запраторыць свайго нязванага госця ў вар'ятню?