Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 12
Жорж Сименон
- Як ты думаеш, Аскар: мне здалося, што...
Кожнага дня яму прыходзiла ў галаву якая-небудзь новая iдэя, звязаная са спосабам смяротнага пакарання Лябро, i ён абмяркоўваў яе з iм у сама зычлiвым тоне, усё роўна як давяраў сябру.
Аднаго разу ён сказаў:
- Спачатку я думаў задушыць цябе. Ведаеш чаму?.. Бо неяк у бары, не памятаю ўжо дзе, адна жанчына сказала мне, што ў мяне рукi забойцы, якi ўжо задушыў не аднаго чалавека. Дык цяпер добры выпадак паспрабаваць, га?..
Ён прыглядаўся да шыi Лябро, пасля пазiраў на свае рукi, круцiў галавою.
- Не, наўрад цi я буду душыць цябе...
Перабiраў уголас усе магчымыя варыянты смяротнага пакарання.
- Калi я цябе ўтаплю, ты будзеш такi непрыгожы ў труне... Мне агiдна пра гэта думаць... Ты калi-небудзь бачыў тапельца, Аскар?.. А цябе ж i цяпер прыгажуном не назавеш...
Апусцiўшы вуду ў ваду, ён нерваваўся, калi не торгала хоць пяць хвiлiн. I тады Лябро, якi ўжо даўно перастаў малiцца, пачынаў прасiць Бога, каб той паслаў Жулю рыбы, бо баяўся, што той разлюбiць рыбалку i... Страшна было падумаць, што тады можа здарыцца...
- Скажы, Аскар... Не, дай мне спярша пляшку... Час ужо...
З кожным днём ён пачынаў пiць усё раней i раней.
- А ведаеш, справа ўсё больш ускладняецца. Раней я думаў, што заб'ю цябе i не мае, урэшце, значэння, як я гэта зраблю, бо як ужо выйдзе ўсё, так яно няхай i будзе... Ты разумееш, што я хачу сказаць? У мяне не было асаблiвых прычын чапляцца за жыццё... Урэшце, магу табе прызнацца, што мне было б нават цiкава трапiць у турму, каб вакол мяне ўсчаўся ўвесь гэты гвалт: палiцыя, суддзi, журналiсты, прыгожыя дамы ў зале суда... Грандыёзны быў бы працэс, га?.. Я расказаў бы iм усё, што ёсць у мяне на сэрцы... А чаго толькi там няма - аднаму Богу вядома!.. Упэўнены, галаву мне не адсеклi б... А ў турме мне было б не так ужо i блага... Але ўявi: цяпер я зноў адчуў смак жыцця... Што ўсё i ўскладняе, бо цяпер мне трэба, каб я забiў цябе i мяне не сцапалi... Тры цi чатыры спосабы пракруцiў я ўжо ў сваёй галаве - ад самага пачатку да самага канца... Гадзiнамi думаю... Дзiва, дый годзе... Прадумваю кожную дэталь, спрабую прадугледзець любы магчымы паварот... I толькi пачне ўжо здавацца, што ўсё гладка, ды тут раптам - ба-ба-ах! Нейкая драбяза нiшчыць увесь план...
На якiсьцi час ён змоўк, пасля абсалютна спакойна спытаўся ў Лябро:
- Ну а як бы ты ўзяўся за гэтую справу, га?..
З дня яго з'яўлення на выспе прайшло ўжо амаль тры тыднi. Лябро ўжо прызвычаiўся да такiх размоў. Якраз у той самы момант ён даставаў з вады добрую, цi не кiлаграмовую скарпену.
- А можа, не трэба мяне забiваць? - асцярожна спытаўся ён у адказ.
Жуль здзiўлена, нават дакорлiва паглядзеў на яго.
- Ну, сам падумай, Аскар... Ты ж выдатна ведаеш, што я напiсаў: "Пад страхам смерцi..."
- Гэта было так даўно...
Жуль стукнуў кулаком па сваёй драўлянай назе:
- А хiба я адмяняў свой прысуд?