Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 15
Жорж Сименон
Гэтыя згаданыя цяпер словы падказалi Лябро выйсце: што мог зрабiць аднаногi, тое мог здзейснiць i ён сам.
"Упэўнены, - сказаў яму Жуль аднаго разу, - што ёсць усё ж такi спосаб забiць цябе так, каб пасля самога не сцапалi..."
А чаму б i яму не знайсцi такi спосаб? Чаму не пазбавiцца ад свайго ката?
Калi гэтая думка прыйшла раптам Лябро ў галаву, яму стала страшна, што Жуль прачытае яе на ягоным твары, ледзь азiрнуўшыся. I тут аднавокi гаротнiк упершыню ў жыццi парадаваўся, што вымушаны насiць чорныя акуляры.
"Слушна, - думаў Лябро. - Трэба гэта ўлiчыць: ён таксама мажны... Малаток у мяне заўсёды пад рукою... Не, малаток не падыдзе: сляды застануцца... Штурхнуць яго як след, i ён вывалiцца за борт... А што, як выплыве?.. Ды не павiнен... Калi гэта лепш зрабiць?.. Праз нейкi час, выбраўшы сеткi на другiм канцы выспы, мiма iх пройдуць рыбацкiя лодкi... Пасля, гадзiн прыкладна ў восем, дзесьцi за паўмiлi ад "Люстраной шафы" праплыве на сваёй пасудзiне стары ў каланiяльным шлеме... Памiж праходам рыбакоў i васьмю гадзiнамi, во калi трэба!.."
Праўда, i Жуль ведаў, хто i калi тут праплывае, бо паспеў, напэўна, прыгледзецца за ўвесь гэты час... Так што i ён мог прыступiць да задуманага ў тыя ж самыя паўгадзiны...
З гэтага моманту Лябро пачаў прыглядацца да ворага. Ён прыкмецiў, што пасля трэцяй бутэлькi Жуль заўсёды робiцца абыякавы да рыбалкi i пачынае драмаць. Але цi драмаў ён напраўду? Можа, сачыў употайкi за iм?
Вырашыўшы аднойчы праверыць Жуля, Лябро рэзка ўстаў.
Аднаногi адразу ж расплюшчыў вочы i, утаропiўшыся ў яго сваiм хiтрым, пiльным позiркам, буркнуў:
- Што ты збiраешся рабiць?
Лябро лёгка падмануў Жуля, бо загадзя падрыхтаваў на гэты выпадак праўдападобны адказ, але, баючыся выклiкаць падазрэннi, вырашыў не праводзiць больш такiх эксперыментаў. Сумнявацца не прыходзiлася: адгадаўшы ягоную задуму, Жуль адразу ж, як i абяцаў, зробiць тое, што збiраўся.
А пакуль што аднаногi дзялiўся з iм сваiмi меркаваннямi:
- Урэшце, ранiцой тут амаль што заўсёды прылiў, i хвалi, думаю, вынесуць цябе на бераг непадалёк ад порта...
Абодва глядзелi на тыя самыя хвалi. Толькi труп iм бачыўся не адзiн i той самы.
- Трэба будзе, напэўна, - разважаў Жуль, - зрабiць гэта, калi ты будзеш на нагах. Ты цяжкi, i, калi мне прыйдзецца падымаць цябе, каб выкiнуць за борт, лодка можа перакулiцца, i я апынуся ў вадзе разам з табой...
Але была яшчэ адна акалiчнасць, невядомая Жулю, якую, каб зрабiць усё гладка, нельга было не ўлiчваць. На беразе, у соснах, стаяла халупа флоцкага кватармайстра, ахоўнiка форта Мэд. Лябро ведаў, што два разы на тыдзень, у аўторак i пятнiцу, кватармайстар выпраўляўся ў Гiер на "Баклане". Значыць, ён выходзiў з дому прыблiзна без дваццацi пяцi, сама пазней без дваццацi восем.
Без пятнаццацi восем... Якраз тады i трэба гэта зрабiць!.. А яшчэ трэба сачыць, каб дазорац маяка не стаяў у той самы момант каля парапета, а то ўгледзiць усё ў свой бiнокль...