Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 11
Жорж Сименон
- Не пад'еўшы? - спытаўся збянтэжаны Лябро.
- Крошка Жажо прынясе мне снеданне ў нумар...
Ён устаў, уздыхнуў i, хiстаючыся, рушыў да дзвярэй, у якiя так i не патрапiў. Нехта засмяяўся, i Жуль раз'юшана агледзеў прысутных.
- Паклапацiся, Аскар, каб такога больш не было, - сказаў ён Лябро.
Пасля прайшоў праз усю залу на кухню, падняў, нi на кога не звяртаючы ўвагi, накрыўку з рондаля i гучна загадаў:
- Мне ў нумар!
- Зараз, пан Жуль!
У кавярне было чуваць, як ён стукаў драўлянай нагою па прыступках, пасля па падлозе. Мяркуючы па гуку, якi данёсся з ягонага нумара, ён адразу ж, не раздзеўшыся, упаў на ложак.
- Адкуль ён? - спытаўся Марыс, спусцiўшыся ў кавярню. - Калi гэты тып збiраецца тут заставацца...
Лябро перапынiў яго, пераймаючы тон Жуля, каб i слова супраць сказаць было нельга:
- Застанецца дык застанецца.
Пасля чаго выйшаў з кавярнi i накiраваўся дамоў праз плошчу. На ганку яго чакала жонка. Лябро, хоць i сцiснуў у кулак усю сваю волю i не зводзiў з жонкi вачэй, зрабiў усё ж некалькi добрых кругоў.
- Што гэта цябе так разабрала? Што ты робiш у кавярне ў такiх строях? паказала яна на ягоныя пiжаму i пантофлi. - Мне распавядалi, быццам нейкi тып перарэзаў трос у тваёй лодкi. Хто ён?
Лябро не мог адказаць на ўсе пытаннi адразу i таму адказаў толькi на апошняе:
- Гэта сябра. - I дадаў, нацiскаючы на склады са стараннасцю п'янага чалавека, якi хоча здавацца цвярозым: - Гэта мой лепшы сябра... Больш чым сябра... Гэта брат, ты чуеш?.. Я не дазволю нiкому...
У пяць гадзiн дня ў нумары, дзе спынiўся новы пастаялец "Ноевага каўчэга", усё яшчэ было цiха.
Калi ў той самы час звычайныя партнёры пана Лябро па гульнi ў шары пастукалiся ў дзверы ягонага дома, выйшла да iх гаспадыня.
- Тс-с! - цiха сказала яна. - Ён спiць. Вельмi стамiўся сёння...
III
Кожны наступны дзень яны выходзiлi зранку ў мора. Лодка мерна пагойдвалася на лагодных хвалях. У гэты час мора заўсёды было спакойнае, гладкае, бы атлас, - брыз падымаўся толькi праз некалькi гадзiн пасля ўсходу сонца. I марскi лазурак, i нябесная сiнь так i пералiвалiся дзiвоснымi вясёлкавымi адценнямi. А непадалёк ад "Люстраной шафы", за колькi сотняў метраў ад мыса, бы снег, бялела высачэзная скала Мэд.
Спадзяваннi аднаногага спраўдзiлiся: ён усур'ёз захапiўся рыбалкаю. Часцей за ўсё Жуль сам будзiў Лябро свiстам гадзiн у пяць ранiцы.
- Не забудзь узяць вiнца! - напамiнаў ён кожны раз.
Сеўшы ў лодку, Лябро заводзiў маторчык, i "Люстраная шафа", iрвануўшыся з месца, ускаламучвала ваду, пакiдаючы шумны след уздоўж пляжаў i бухтаў да самай скалы Мэд, непакоiла сваiм гудзеннем цiхi свiтанак.
- Насадзi мне новую пiяду! - раз-пораз гучна загадваў Жуль.
Як прынаду на Паркэролi выкарыстоўвалi ракаў-адзiнцоў, па-тутэйшаму пiядаў. Ракавiны, у якiх сядзелi пiяды, даводзiлася разбiваць малатком або каменем.
Жуль гадзiўся нават дакранацца да ракавiн. Насаджваць ракаў на кручок стала работаю аднаго Лябро. Рака нельга было паранiць, i таму апрацоўка ракавiны вымагала вялiкай далiкатнасцi, так што самому Лябро рыбу лавiць часу амаль не заставалася. Скручваючы цыгарку, Жуль кiдаў на яго позiрк.