Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Жорж Сименон

Ён нават не мог пайсцi ў палiцыю i заявiць, што гэты чалавек пагражае яму смерцю.

Перш за ўсё таму, што ў яго не было нiякiх доказаў. Не паштоўкi ж паказваць - абсмяялi б адно. Па-другое, яго мучыла сумленне. Бо Жуль такi, як ён ёсць цяпер, быў, можна сказаць, яго ўласным творам. Хто ж, як не ён, Лябро, быў адказны за ўсе тыя рысы, якiя набыў Жуль разам са стратаю нагi i веры ў людзей?..

Але няўжо ён павiнен быў даць забiць сябе?.. Павiнен, што яшчэ горш, жыць тыдзень за тыднем, мажлiва, месяц за месяцам (гэта калi пашанцуе) з думкаю, што ў любую гадзiну, у сама нечаканы момант Жуль скажа яму сваiм адначасна i зычлiвым i здзеклiвым голасам: "Час прайшоў, Аскар..."

А Жуль быў садыст, якiх пашукаць. Дбайна падкiдаў i падкiдаў дровы ў вогнiшча страху свайго колiшняга злоснiка. Варта было Лябро супакоiцца крыху хоць на якую хвiлiнку, як Жуль адразу ж казаў лiслiвым голасам:

- А што, калi мы гэта зробiм зараз?..

Яшчэ гэтае сапраўды езуiцкае "мы"! Нiбыта ён, Лябро, даў ужо яму сваю згоду i самахоць пойдзе на смерць.

- Павер мне, Аскар, я пастараюся зрабiць усё так, каб ты пакутаваў як мага меней... Не такi ўжо я i жорсткi, як можаш ты думаць... Усё гэта зойме хвiлiны тры, сама больш...

Лябро заставалася адно ўшчыкнуць сябе, каб пераканацца, што гэта не сон, не вар'яцкае насланнё.

- Дай пляшку, - зноў i зноў казаў Жуль.

Выпiўшы, Жуль пачынаў гаманiць пра рыбалку, гульню ў шары, пра панi Лябро, якую ён, хоць i бачыў толькi здалёк, дужа незалюбiў.

- Ты нiколi не думаў развесцiся?.. Табе гэта трэба зрабiць. Прызнайся, што ты не шчаслiвы з ёю, га?.. Яна ж на ланцужку цябе водзiць, бы сабачку якога!..

I Лябро прызнаваўся, хоць тое, што казаў яму толькi што Жуль, поўнай праўдаю назваць нiяк нельга было. Гэта была праўда хiба што ў пэўнай ступенi. Але лепш было не пярэчыць, бо тады Жуль адразу ж тэрарызаваў яго новымi жорсткiмi меркаваннямi пра ягоную не надта далёкую смерць.

Дый без пярэчанняў не вельмi лёгка было яго слухаць.

- Калi ты развядзешся, - зазiраў у будучыню Жуль, дачакаўшыся ад Лябро прызнання, - думаю, мне будзе лепш перабрацца да цябе. Возьмем Жажо за служанку...

Лябро ўпiваўся пазногцямi ў далонь. Былi моманты - у моры, на тэрасе кавярнi ў Марысавым гатэлi, на плошчы ў час гульнi ў шары, - калi яму жудасна хацелася выць. Выць, як вые на месяц сабака. А што, калi гэта наставала вар'яцтва?..

- Я заўважыў, што ты ўмееш гатаваць, - сказаў Жуль.

- Я гатую толькi рыбу...

- Але ўсё роўна няблага, што ты ўмееш гатаваць... Кажуць, ты нават мыеш посуд... Дык як табе мая iдэя?..

- Жонка не захоча.

Праз якiя тры-чатыры днi Жуль зноў браўся за сваё.

- Падумай... Тады я яшчэ пачакаю... Урэшце, пратуляўшыся ўсё жыццё па гатэлях, я пачынаю цяпер думаць, што, як i ўсе iншыя людзi, маю права на свой кут...

- А калi я дам вам грошы, каб уладкавацца дзе-небудзь у iншым месцы?

- Аскар!

Жуль сурова заклiкаў яго да парадку.

- Сцеражы цябе Бог загаварыць са мной так хоць адзiн яшчэ раз! Бо тады я зраблю гэта адразу ж. Ты чуеш? Адразу ж!

Не, жыць так далей было нельга. Трэба было нешта прыдумаць. "А як бы ты сам узяўся за гэтую справу, га?" - спытаўся ў яго неяк на днях Жуль, выцягваючы здаравенную скарпену.