Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Владимир (2) Орлов

Не ўважаючы на застрашлiвае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамi купалiся ў кар'ерах, збiваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбiралi новы. Цi трэба ўдакладняць, што мы адважвалiся не толькi на гэта? Рассцiланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручнiка напраўду вымагала адвагi, бо дым вогнiшча зусiм не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалi ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталiся сцiшаныя i лагодныя. У падлеску валтузiлiся бурундукi цi якiя iншыя дробныя звярынкi, па-над вершалiнамi лiстоўнiц запальвалiся першыя зоркi, але пад нагамi яшчэ можна было закмецiць неверагодна буйныя чарнiцы, i нашыя вусны былi чорна-сiнiя, як у здаволеных вампiраў. "Ты знаешь, как будет по-белорусски звезда?" - сентыментальна пытаўся я. Яна ленавата маўчала, i адказваць даводзiлася самому: "Зорка". "А любовь, знаешь, как?" - не здаваўся я. "Не-а", - цягнула Элен. "Каханне". "Не может быть", - бескалёрным голасам адгукалася мая спадарожнiца, хаваючы позех чоўнiкам вузкай далонi.

Нас было ўсяго дзесяць, а амазонак - у 3,3 раза болей, а таму ў атмасферы над Ягадным густа пульсавалi сiлавыя лiнii здаровай жаночай канкурэнцыi. Аднаго вечара я дзяжурыў у сталоўцы разам з чорненькай амазонкаю Вiкай i пачуў з яе вуснаў сваю характарыстыку, якою Элен дзялiлася з канфiдэнткамi. Паводле Элен, атрымлiвалася, што я "ничего мужик", аднак вальтануты, бо замест нармалёвай прэлюдыi абавязкова павiнен расказаць пра сваё беларускае балота. Асуджальнасць надзьмутых губак дзяжурнай адрасавалася, вядома, не мне. Вiка зрабiла бездакорны ход: я горка шкадаваў, што я - не "цяжкi" падлетак Вiця, а Элен - не мая настаўнiца бiялогii.

Назаўтра вечаровае люстра кар'ера замест даўгiх iльняных пасмаў убачыла кароткiя чорныя кудзеркi. У адрозненне ад Элен дачка патомных фiлолагаў Вiка ажно два днi пабыла непадступнаю. Навучаны сумным досведам, пра Беларусь я даў сабе зарок i не заiкацца, але паколькi гуляць у маўчанку таксама не выпадала, на трэцi вечар (да чаго толькi нi давядзе ўзбунтаваная кроў!) у абладзе дурнаватага натхнення я неспадзявана заявiў, быццам належу да прыхiльнiкаў зараастрызму.