Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Владимир (2) Орлов

Калi вы мяркуеце, што хiмiцы змiрылiся з нашым адносна гарманiчным (Мiша Бугор казаў - гарманальным) суiснаваннем з амазонкамi, дык памыляецеся. Вясёлыя ленiнградкi таксама змагалiся за нашы сэрцы, карыстаючыся ў гэтай барацьбе самымi разнастайнымi сродкамi.

Штодня ў абед паводле дамовы з амазонкамi мы прыносiлi на кухню тры трохвёдзерныя вываркi вады. Трагiзм сiтуацыi палягаў у тым, што накрыўка ад вываркi згубiлася. Ад студнi да сталоўкi было з паўкiламетра, i прыкладна на палове шляху да нас прыстройвалася чародка хiмiц. Усе як на падбор сiмпатычныя, нафарбаваныя, у кароткiх шчыгульных спаднiчках i рознакаляровых майках з паскамi на тонкiх талiях, яны вiлiся вакол нас, нiбы стракатыя матылькi.

Якi-кольвек з гэтых матылькоў пачынаў амаль пяшчотна: "Студентики, а студентики, пожалейте бедных девушек". "Совсем извелись без мужской ласки", падхоплiвала другая жамярыца. Далей чулася што-небудзь накшталт: "А я бы тому бородастенькому сто раз дала. Слышь, бородастенький? Ты хоть целоваться умеешь?"

Напачатку мы неслi свой крыж у выглядзе цяжкой вываркi моўчкi, аднак валхвiцы вольнага кахання ўмомант ставалi нахабнымi i нагадвалi ўжо не матылькоў, а назойлiвых восаў. "Вы только попробуйте нас, мальчики, вас потом за уши не оттащишь", - прапаноўвалi яны, дэманструючы нам не самыя цнатлiвыя паставы, "Ану, вали отсюда, стервоза, а то вырублю на..." - страшным голасам казаў "бородастенький", ды гэта выклiкала толькi рогат.

На падыходзе да кухнi эскорт рабiўся агрэсiўным. Ленiнградкi выкрыквалi пагрозы ў бок амазонак, якiя, маўляў, за...лi беднага Вiцюню, абзывалi амазонак сучкамi i блядзямi, а нас - iмпатэнтамi. Але найгоршае маячыла наперадзе. Перад самай сталоўкаю адна з нашых спадарожнiц раптам "здагадвалася": "Слушайте, девочки, так это же они заразиться от нас боятся!", колькi яе сябровак iмгненна падляталi да нас i з вясёлым крыкам: "А вот вам сифилис!" плявалi ў ненакрытую выварку.

Пясок хутка выпiваў ваду, i мы асуджана паварочвалi назад да студнi. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды i патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзiцелькi ж заходзiлiся воддаль смехам i абяцалi ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады i амазонак.

Урэшце экспедыцыi па ваду пачалi ладзiцца з аховаю: двое цягнулi выварку, а чацвёра адпрэчвалi плявакаў штыкецiнамi.

Удзень мы калупалi рыдлёўкамi дол, збiвалi апалубку, завiхалiся вакол вялiзнай вуркатлiвай бетонамяшалкi i аддавалiся крозам пра вечаровыя спатканнi.

Блiзу паўночы парачкi збiралiся каля раскладзенага на галявiне за "хiмкомплексам" вогнiшча i задуменна глядзелi на агонь.

З цемры выходзiлi i ветлiва падсаджвалiся на пакладзеныя пры вогнiшчы бёрны маладыя хiмiкi з гiтарай. Яны прыладкоўвалi на чырвоным вуголлi конаўкi або iмбрыкi на чыфiр i заводзiлi песню. Гучала "Прокурор затребовал расстрела", "Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...", але найдушэўней атрымлiвалася ў iх "Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский", бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Пiцера.