Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Владимир (2) Орлов

Мець з хiмiкамi i хiмiцамi якiя-небудзь стасункi катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас i пасялiлi на ўскраiне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткi два занятых хiмiкамi фiнскiх дамкоў i прыкладна столькi ж чакала будучых насельнiкаў, што яшчэ цягнулi тэрмiн на зоне.

Пакуль гаспадары гэтага "хiмкомплексу" былi ў тайзе, мы ў кампанii з двума прапаршчыкамi блукалi ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з iх была перапрафiляваная ў прыбiральнi з адпаведным краявiдам i водарам. Некалькi дамкоў ужо адслужылi гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такi магутны, што заставалася толькi паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павiнны былi спарахнець, i даследчыкi, прынамсi, не мелi б неабходнасцi сушыць мазгi над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет i рознага лапушыстага таежнага зяленiва, карысталiся, перапрашаю, пальцамi, якiя потым старанна выцiралi аб пабелены тынк?

Нарэшце мы знайшлi два дамкi, дзе яшчэ нядаўна хтосьцi жыў, i таму iх не паспелi ператварыць у будучую археалагiчную галаваломку. Мы з Генiкам, Бугром, Чарнiловiчам i рудым, як iржавая бляха, Джонам Галяком скiнулi заплечнiкi там, дзе на падлозе сiратлiва ляжаў агульны сшытак з перапiсанымi акуратным дзявочым почыркам песнямi, першая з якiх называлася "Полюбила заключенного". Хлопцы пацягнулiся ў краму, а я на выпадак, вiдаць, усё ж такi непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся блiжэй пазнаёмiцца з яго фальклорам i разгарнуў спеўнiк:

На равнине широкой

Стоит крест деревянный.

Его девушка нежно

Прижимает к груди,

А за ней, как икона,

Там запретная зона,

И, как свечку у гроба,

Часовой на посту...

Мы бежали с тобой

Зеленеющим маем,

Когда тундра надела

Свой роскошный наряд...

Немаведама якой вiхураю занесла сюды два вершы Ясенiна i адзiн - Арсенiя Таркоўскага, ад якiх, быццам ад галiнкi язмiну ў набiтым потнымi целамi агульным вагоне, на момант павеяла свежасцю. Далей iшла рарытэтная, амаль спрэс нецэнзурная песня пра тое, як бацька меў трох сыноў, прычым трэцi быў гермафрадыт. Я перагарнуў яшчэ старонку. Побач з даволi прафесiйным малюнкам таго, што сексолагi таямнiча называюць кейраю, тым самым круглявым почыркам уседлiвай васьмiкласнiцы было выведзена:

Может, фраер в галстучке атласном

Вас сейчас целует у ворот...

Засвоiць iлюстраваны тэкст далей я не паспеў, бо знадворку разлеглiся такiя вусцiшныя цi, дакладней, велiчныя мацюкi, што ў параўнаннi з iмi нецэнзурны дрыблiнг Рэпiна-дацэнта выглядаў, як пяцiпавярховая хрушчоба побач з нью-йоркскiм хмарачосам.