Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Владимир (2) Орлов

Нашая секта iснавала ў глыбокiм падполлi, але не мела нiчога агульнага з аскезай. Асцярожна расшпiльваючы гузiк за гузiкам, я прыцiшана выкладваў усё ацалелае ў памяцi пасля экзамену па навуковым атэiзме - пра светлае божышча з дзiвосным iмем Ахурамазда, што вяло несупыннае змаганне з сваiм адвечным спадужнiкам, увасабленнем цёмных сiл Анхрам-Майнью. Будучы фiлолаг Вiка глядзела на "сектанта" круглымi вачыма i вiдавочна перамагала апошнiя перашкоды на шляху да ўступлення ў шэрагi зараастрыйцаў, якiх яна, мiла памыляючыся, называла зорааўстрыйцамi. Узгадваць тое i сумна, i смешна. Дзiвуючыся з сябе, я на хаду прыдумваў абрад далучэння да нашае веры, якi ў перакладзе з фарсi зваўся "палётам над вяршынямi", i ў Вiкi не ўзнiкла анiякага сумневу, што дзеля гэтага палёту сапраўды трэба скiнуць усё, што на ёй яшчэ заставалася.

Вушкi, далонi, ступачкi i астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вiкi было маленькае, i, калi я меў патрэбу назваць яе па iменi, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Вiка, а - маленькая Вiка.

Вялiкi й магутны Ахурамазда быў задаволены намi, пагатоў ацэнка Вiчыных iнтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля "зорааўстрыйцаў", аказалася недаравальна паспешлiвай. Маленькая Вiка любiла Мiхаiла Афанасьевiча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю i пачытвала экзiстэнцыялiстаў. Эпiзод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамi Пастарнака:

Если даже вы в это выгрались,

ваша правда. Так надо играть.

Дадам, што не ад старажылаў, а менавiта ад яе я даведаўся пра закiнуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы i костачкi, сярод якiх маглi апынуцца i косцi майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максiма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Вiка трохi палахлiва расказала пра лагер, дзе трымалi гiшпанскiх iнтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалi пасля грамадзянскай вайны ў краiну пераможнага сацыялiзму. Кiраўнiкi лагернага падполля нiбыта зарганiзавалi ўсеагульныя ўцёкi i ўпэўнена вывелi iнтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамi прасеку.

Мой найлепшы сябра Генiк сустракаўся пад таежнымi сузор'ямi з амазонкай, што мела неамазонiстае iмя - Варвара, была сiбiрачкаю шатан ведае ў якiм калене i размаўляла прыкладна так: "Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?" Гэта пра яе, перафразаваўшы Iгара Севяранiна, паэт М.Чарнiловiч сказаў:

Амазонка из Томска,

Амазонка из Томска,

Вы безумно прелестны,

Особенно сзади...

На ролю Варварынай супернiцы лёс прызначыў сiбiрскую татарку Амiну, што з рук у рукi перадала Генiку ў запячатаным канверце свой лiст. Варвары паблiзу не было, i Генiк бесклапотна рушыў па сцежцы на бераг Кецi, да таго кедра, дзе, як пiсала Амiна, яна калiсьцi назвала нашага былога загадчыка гаспадаркi мядзведзем, хоць з iх дваiх на невялiкага мядзведзя выдавала якраз шыракаплечая круглявая прапраўнучка чынгiсханаўскага воiна.

Праз гадзiну ўзмакрэлы i задыханы Генiк стаяў у дзвярах нашай фiнскай хацiны. Пад кедрам Амiна пачаставала яго вогненнай вадой, потым, напэўна ў адпаведнасцi са звычаямi яе старажытнага народа, праспявала пару працяжных гартанных песняў, а потым - мабыць, у працяг звычаю - без лiшнiх слоў забурыла Генiка на мох.