Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Владимир (2) Орлов

Не было сумневу, што тырады, генiяльна складзеныя амаль выключна з ненарматыўных лексемаў, належаць жаночаму голасу. Сэнс палымянай фiлiпiкi, аздобленай абяцанкамi нешта адкусiць, адкруцiць i адпiлаваць па кавалачку, зводзiўся да таго, што я ўварваўся на чужую тэрыторыю.

Услед за ўдарам нагой дзверы адчынiлiся, i на парозе я ўбачыў зусiм не карготу са з'едзеным пранцамi носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзiнку гадоў на дваццаць, якую i сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых iстотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнiя ўжо сорак.

Угледзеўшы сшытак з песнямi, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук i выплюнула проста ў твар вытанчаную кулiнарную фантазiю на тэму яечнi з адпаведных частак майго цела.

"Ты што?" - вырвалася ў мяне. I тут прычынiлася малаверагоднае: чароўная мацюкальнiца залiлася чырванню такой кансiстэнцыi, што барвы, здавалася, хапiла ёй i на невялiкiя мячыкi вызваленых ад станiка грудзей пад лёгкай майкай, i на выштукаваныя нiбыта па лякалу клубы, i на даўгiя ножкi ў кiтайскiх кедах. Працяг атрымаўся гэткi ж неспадзяваны: бландзiнка iмпэтна павярнулася i кiнулася прэч, але яўна не па падмогу.

"Ёсць першы кантакт!" - падумаў я i з цiхiм жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калi ўсе хiмiцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай вiзiтанткi.

Увечары Генiк узяў аркушык паперы, падзялiў яго рыскаю на дзве часткi i зверху кожнае паставiў + i -. Мiнусы былi пералiчаныя капiтанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, якi, у адрозненне ад нiзiннага Бл. Яра, тут збiвала ветрам назад у тайгу, i прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада "Amazonki" з Томскага ўнiверсiтэта. Амазонкi таксама жылi ў "хiмкомплексе". "Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесiю спiхнуць..." - задуменна прамовiў Дж. Галяк. "Я балдзею..." - прыгаломшана азваўся калега Чарнiловiч. Генiк нi з пушчы нi з поля паведамiў, нiбыта антычныя амазонкi, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалi сабе цi то левую, цi то правую грудку. "Мы гэтага не дапусцiм", - адлучана растулiў вусны Бугор, якi ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, i ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне.

Як паказалi блiжэйшыя днi, атрад "Amazonki" мала нагадваў запаведнiк непалоханых нявiннiц.

Па-першае, там меўся "амазон" - "цяжкi" падлетак Вiця, старшакласнiк адной з томскiх школ, апошнiм подзвiгам якога, паводле чутак, была саляная кiслата, прадбачлiва налiтая на крэсла, куды грацыёзна апусцiла сваю попку ў тонкай мiнi-сукеначцы юная настаўнiца бiялогii. У СБА Вiця сапраўды пачаў новае жыццё. Як з адценнем законнага абурэння пагаворвалi шэраговыя амазонкi, першая выхаваннем падлетка грунтоўна занялася камандзiрка атрада Аляўцiна - рослая фiгурыстая дзеўка, што да ВНУ паспела паслужыць у савецкай армii радысткай. У абдымках у другой па лiку выхавацелькi, камiсаркi атрада пампушкi Ноны, Вiця, здавалася, мог адно адпачываць.

У нас з амазонкамi таксама склалiся сякiя-такiя адносiны. У мяне яны спярша склалiся з будучым педагогам-матэматыкам Ленай, якую сяброўкi звалi Элен. Я абдымаў яе на лавачцы каля сталоўкi, а яна, ахутаўшыся цыгарэтным дымам, апавядала, што ў яе ў раднi вадзiлiся шведы. У Эленiным аблiччы сапраўды прысутнiчала штосьцi скандынаўскае: роўныя льняныя валасы да сярэдзiны таго месца, на якiм атрымала кiслотны апёк гаротная Вiцева выкладчыца; ромбападобны твар, ад якога цягнула халаднаватым ветрыкам; гэткiя ж, з марскiм халадком, светла-шэрыя вочы, што нязменна захоўвалi санлiвую абыякавасць, калi я спрабаваў ёй расказваць пра Беларусь, i адразу прачыналiся, як загаворваў пра вiленскiя начныя рэстарацыi, у прыватнасцi пра "Дайнаву", дзе ў тыя часы стары Шабаняўскас (той самы, чый голас даносiцца з рэпрадуктара ў рамане Ёнаса Авiжуса "Страчаны прытулак"), яшчэ спяваў аб прыгажунi Элiт, якую носяць па свеце "цуда-ножкi", i жанчыны ўскоквалi з-за столiкаў i дарылi сiвому маэстра чырвоныя ружы.