Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 56

Бернар Клавель

Кантэн сядзеў некалькi хвiлiн на багажнай лаўцы перад зачыненым акенцам, дзе прымаюць багаж. За дзвярыма, якiя вялi ў галерэю грузавых i паштовых перавозак, проста на падлозе спалi два няшчасныя, закруцiўшыся ў брудныя палiто. Аб iх увесь час спатыкалiся служачыя вакзала, пасажыры i насiльшчыкi, але нiхто не звяртаў на гэта ўвагi. Яны ляжалi сярод натоўпу i былi яму чужыя.

Калi Кантэн зiрнуў на насценны гадзiннiк, было ўжо крыху больш чым апоўднi. Ён падлiчыў, што да адыходу цягнiка яшчэ заставалася шэсць гадзiн, i тут раптоўна яго ахапiў такi жах, што ён ускочыў з месца.

I ён збiраўся паехаць адсюль, нават не пабачыўшы сваёй дачкi? Ён жа ўцёк ад яе! Пасля кафэ ён не пайшоў на вулiцу Сухога Дрэва, каб яшчэ раз пашукаць Марыю-Луiзу, а пабег сюды! Ён сядзеў тут, ахоплены панiкай, гатовы адмовiцца ад усяго, абы толькi сесцi на першы цягнiк, якi адвязе яго да свайго дому, да сваёй зямлi, да спакойнага жыцця. Ён нiчога не зрабiў, каб перашкодзiць сваёй дачцэ застацца тут, ён проста пакiдаў яе.

А Iзабэла i Дэнiза чакаюць Марыю-Луiзу. Яны ўпэўненыя, што ён прывязе яе дадому сёння вечарам. Яны будуць сядзець удзвюх за сталом, перад iмi будуць стаяць талеркi гарачага супу... I тут ён з'явiцца на парозе адзiн. Цi хопiць у яго смеласцi? Няўжо ён сцерпiць, каб яму плюнулi ў твар? Ён прыедзе да iх i нiчога не скажа...

А што, калi ўсё гэта, аб чым ён даведаўся, няпраўда, паклёп? Можа, з небаракi-селянiна тут проста пасмяялiся?

Кантэн зноў ускочыў з месца i пачаў хадзiць узад-уперад па агромнiстай зале. Ён хацеў крыху прывесцi свае думкi ў парадак.

Сапраўды, усё сыходзiлася. Усё было супраць Марыi-Луiзы. Усё гэта было невыпадкова. Людская злосць тут нi пры чым. Трэба быць вар'ятам, каб яшчэ на нешта спадзявацца. Але калi ён думаў аб надзеi, яму хацелася смяяцца з сябе. Смяяцца з сваёй жонкi, з настаўнiка, з iх захаплення ад Марыi-Луiзы. Яму здавалася, што ён чуе, як усе яны паўтараюць хорам прыпеў гаспадара кафэ i яго жонкi. Гэты прыпеў быў працягам прыпеву Iзабэлы.

- Гэткае становiшча! Гэткая працавiтая дзяўчына! Сур'ёзная, i ўсё тут. Не такая, як iншыя... З характарам, не проста так! Столькi працаваць, каб потым цыраваць настаўнiкавы шкарпэткi! Вярнуцца ў сваю вёску? Ды як вы маглi падумаць такое?!

Што яна працавала добра, з гэтым згаджалiся ўсе. Нават яе суседка па лесвiчнай пляцоўцы, гэта курва, шлюха, сучка!

Божа лiтасцiвы! Што ён, Кантэн, такое зрабiў?!

Навошта яны хвалiлi яе? Для дзяўчыны, якая так нiзка ўпала, гэта ўжо занадта. Было б, здаецца, лягчэй, калi б яна адправiлася на другi канец свету, каб там даглядаць пракажоных!

Бач ты: яна ведала, як сябе паводзiць. Адмовiлася спаць з Раберцi. Падумаць толькi! А гэты Раберцi? Можа, якраз з яго ўсё i пачалося? Гэта подлая душа вiнаватая ва ўсiм! Можа, гэта i быў той малакасос? Не, Кантэн добра ведаў, што гаспадару было не менш за пяцьдзесят. Але ж усё роўна падонак! Цi ж Кантэн не мае права пайсцi i разлiчыцца з iм за ўсё? Набiць яму морду сярод яго смярдзючых флаконаў? I сказаць, што ён крыху спазнiўся, аднак ён бацька i можа заступiцца за сваю дачку.