Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 54

Бернар Клавель

- Не здзiўлюся, калi заўтра пойдзе снег, - дадаў ён, ставячы бутэльку на месца.

Кантэн згаджаецца i падымае шклянку. Яго рука дрыжыць, халоднае вiно цячэ па пальцах. Ён робiць пару глыткоў. Вiно здаецца яму крыху даўкiм. Пэўна, не натуральнае. Лепш трэба было заказаць кубачак кавы. Ён папрасiў вiна, бо гэта было першае, што адразу прыйшло яму ў галаву.

Чалавек зноў абапёрся на свой прылавак. Цяпер ён глядзеў на вулiцу. Ён быў вышэйшы за Кантэна, таму бачыў, што там рабiлася. Але Кантэну было на гэта напляваць. Ён адпiў яшчэ глыток, паставiў шклянку i раптам спытаўся:

- Мадэмуазель Кантэн будзе сёння абедаць у вас?

Чалавек пацёр свой нiзкi лоб i спытаўся ў сваю чаргу:

- Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?

- Але. Марыя-Луiза Кантэн.

Твар чалавека раптам пасвятлеў. Падняўшы руку, ён усклiкнуў:

- Вы маеце на ўвазе маленькую Марыю-Луiзу?!

Кантэн згодна кiўнуў галавою. Чалавек зноў перамянiўся ў твары, неяк дзiўна ўсмiхнуўся, падмiргнуўшы Кантэну адным вокам, потым нахiлiўся да яго i па-змоўнiцку растлумачыў:

- Сказаць па праўдзе, гэта здзiвiла б мяне. Здаецца, яна вельмi занятая цяпер. Па-мойму, на яе ўжо нельга разлiчваць.

Кантэн хацеў нешта сказаць, але ў яго перахапiла дыханне. Выгляд у яго быў прыгнечаны. Чалавек заўважыў гэта i супакоiў яго:

- Нiчога, бацька, не перажывай. З кiм не бывае. Я параiў бы не трацiць марна часу. Я даўно зразумеў, што гэта малая створана не для такога жыцця. Яна заўсёды мела нейкую сваю думку ў галаве. Толькi шукала выпадку. Як кажуць, чакала свайго часу. Мы з жонкай заўсёды казалi, што яна зусiм не такая, як iншыя.

Кантэн паглядзеў на гэтага чалавека, потым на шклянку вiна, пасля зноў на чалавека, якi пачаў расказваць яму пра шматлiкiя якасцi Марыi-Луiзы, якiя дапамагалi ёй выкручвацца ў жыццi.

- Вы ведаеце, многiя жадалi б пакончыць з гэтым. Але iм не хапае таго, што ёсць у яе. Менавiта гэтага iм усiм не хапае.

Чалавек ажно стукнуў сябе па лобе ад захаплення.

Дык, значыць, гэта праўда. Марыя-Луiза дасягнула большага, чым iншыя. Але, Божа мой, у чым? Няўжо i цяпер ён мае на гэты конт нейкiя сумненнi?

Чалавек усё гаварыў.

- Ведаеце, мы бачым тут многiх. Але, паверце мне, такiя, як яна, сустракаюцца рэдка. А потым, гэта яшчэ звязана з узростам. Для большасцi, калi яны пачынаюць думаць, ужо вельмi позна.

Кантэн быццам прырос да крэсла. Кожнае слова чалавека падае ў яго, быццам камень на дно калодзежа. I гэты камень застанецца ў яго душы назаўсёды. Яго цела памёрла. Яно паралiзавана, яно загублена нейкай невядомай гангрэнай. Адзiн толькi розум яшчэ жыве.

Гаспадар кафэ расказваў цяпер пра сяброўства, якое ўзнiкла памiж яго жонкай i Марыяй-Луiзай. Iх адносiны нагадвалi адносiны мацi з дачкой. У гэты момант увайшла гаспадыня. Яна была тоўстая i круглатварая, маленькiя вочкi, быццам свярдзёлкi, упiлiся ў Кантэна.

- Я вось толькi што расказваў пра Марыю-Луiзу, - павярнуўся да яе муж.

Жанчына закiвала галавою. На тлустым падбароддзi ўзнiклi складкi. Яна залапатала:

- Ой, як шкада, што яна паехала ад нас. Але што зробiш... Ёй выпаў шанс. Яна сарвала вялiкi куш. Яе забiрае да сябе важны тып. Яны ўсе, па сутнасцi, мараць аб гэтым, але шанцуе далёка не кожнай.