Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 58

Бернар Клавель

- Ай, ды што там! Яна ж не забараняла мне даваць камусьцi гэты адрас...

Яна зайшла ў пакой i адразу вярнулася да Кантэна з кавалачкам блакiтнай паперы, якраз на такой Марыя-Луiза пiсала iм лiсты. Яна паглядзела на гэты шматок паперы i, смеючыся, сказала:

- Я яго нават не чытала сама. Калi вы жадаеце паслаць ёй ваш пакунак, гэтага адраса, можа, i дастаткова. Але каб убачыць... Яна напiсала тут: Да запатрабавання. Паштовае аддзяленне, 57, вулiца Дзiжон.

Кантэн машынальна паўтарыў:

- Вулiца Дзiжон...

I змоўк. Жанчына пачакала хвiлiну, пасля сказала:

- Вам няма чаго крыўдзiцца. Ва ўсякiм разе, вы атрымалi ад мяне даведку.

Кантэн расшпiлiў футра, дастаў партаманет, адлiчыў сто франкаў. Жанчына падзякавала яму, збiралася ўжо пайсцi, але павярнулася i паведамiла:

- Я вось што думаю. Раз яна пайшла адсюль нядаўна, вы можаце зазiрнуць у "Там-Там". Гэта начны клуб, якi знаходзiцца на рагу Тэатральнай вулiцы. Яна павiнна зайсцi туды, каб развiтацца з сяброўкамi. Можа, вам пашанцуе. Гэта ж яе ўчастак, квартал "Там-Тама".

Выходзячы з будынка, Кантэн адчуў, што сiлы зусiм пакiнулi яго. Да гэтага часу яго падтрымлiвалi то гнеў, то надзея. Цяпер у яго не было нiчога. Ён адчуваў, што можа вось-вось павалiцца на ходнiкi. Бялiзна яго змакрэла ад поту, i Кантэну зрабiлася вельмi холадна на вулiцы. Ён увесь дрыжаў, яму карцела легчы проста тут, на дол, пад сцяну, як тыя бадзягi, якiх ён бачыў пры ўваходзе на вакзал.

Калi ён ляжа так, яго падбяруць, адвязуць у турму цi ў бальнiцу, дзе ён зможа нарэшце выспацца.

Ад слабасцi задрыжалi ногi, i Кантэн вырашыў зайсцi ў кафэ. Паветра ў памяшканнi было цёплае, густое, пахла смажанай ежай. У глыбiнi залы Кантэн прыкмецiў пустую лаўку. Яна вабiла да сябе, бо стаяла ў ценi i была адгароджаная ад астатняй часткi залы невялiкiм зэдлiкам, на якiм стаяў вазон з шырокiм лiсцем. Там можна было добра прымасцiцца, паклаўшы локцi на мармуровы стол, i нейкi час падрамаць за шклянкай. I нiхто не будзе табе перашкаджаць. Кантэн доўга змагаўся з жаданнем пайсцi i прысесцi там. Стоячы ля прылаўка, ён абапёрся на яго ўсiм целам i залпам выпiў чарку гарэлкi, якая не мела нi смаку, нi паху, бо была зроблена не з чыстага вiнаграду i нiколi не захоўвалася ў бочцы. Але гэта мала яго хвалявала. Чарка была маленькая, i Кантэн папрасiў яшчэ адну.

Побач мужчыны вялi размову пра скачкi. Яны казалi, што скачкi адмененыя з-за снегу, i гэта iх прыводзiць у адчай. Яны лiчылi гэту справу такой сур'ёзнай, быццам ад яе залежала iх iснаванне, i Кантэну карцела крыкнуць: мне б вашы турботы!

Выпiтая гарэлка i дурнота гэтых мужчын абудзiлi ў Кантэне злосць. Яна надала яму сiлы, i ён выйшаў на вулiцу.

Цяпер холад здаваўся яму не такiм моцным, як раней, i Кантэн адчуў, што пратрымаецца яшчэ некалькi гадзiн.

Ён павiнен зрабiць усё, каб знайсцi Марыю-Луiзу i забраць яе з сабою. Забраць так, каб яна нават не змагла западозрыць, што ён пра яе даведаўся тут. I ён не будзе дома прыспешваць яе, будзе чакаць, пакуль яна сама не паспрабуе сябе выратаваць.