Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 55

Бернар Клавель

Зноў умяшаўся гаспадар:

- Кожны будуе сваё жыццё, як можа, толькi не ўва ўсiх атрымлiваецца. А вось за яе я спакойны, яна малайчына.

Яны так гавораць мiж сабою, быццам Кантэна няма тут. Яны ўспамiнаюць першы прыход Марыi-Луiзы, яе расказы пра родную вёску, пра першага гаспадара, якi абыходзiўся па-свiнску з усiмi новенькiмi. Ах, прастытуцыя, прастытуцыя... Каб жа хто ведаў, дзе яна часам хаваецца. Тое, што гэтыя дзяўчаты вымушаны спаць са сваiмi гаспадарамi, цi ж гэта лепш, чым ходнiкi? I нiхто слова не скажа. Вось якая крывадушнасць! Усе гэта ведаюць, толькi выгляду не паказваюць. Але ў Марыi-Луiзы моцны характар. Яна - адчайная галава. У яе хапае розуму, каб абаранiць сябе. Яна нiколi не жадала працаваць на мужчыну. О, гэта патрабуе вялiкай смеласцi!

Кантэн не можа зварухнуцца. Ён прыгiнаецца ўсё нiжэй i нiжэй, быццам трапiў пад моцны лiвень.

Мужчына гаворыць пра гандаль, пра палiтыку i называе ўсё гэта горшай з прастытуцый. Сама вялiкай на свеце. Усе высокiя начальнiкi - хабарнiкi! Дастаткова толькi паглядзець на справы мэрыi або прэфектуры. Там усё нячыста, ён гэта добра ведае.

- Але Марыя-Луiза сапраўды вельмi добрая дзяўчына, - заканчвае гаспадар сваю доўгую прамову.

- Канечне, яна вельмi разумна робiць, - дадае тоўстая жанчына. - Многiя крытыкуюць яе, але я лiчу, што яна мае рацыю.

I яна паўтарае зноў i зноў, як ёй шкада, што Марыя-Луiза паехала.

Заходзiць наведвальнiк. Кантэн машынальна асушае сваю шклянку. Ад вiна ў страўнiку адчуваецца холад.

Цяпер гаспадары размаўляюць з новым наведвальнiкам. Кантэн развiтваецца, дзякуе i накiроўваецца да дзвярэй. Ён ужо кладзе руку на клямку, як чуе воклiч гаспадара:

- Гэй, бацька, гэта будзе трыццаць франкаў!

Кантэн вяртаецца, дастае з кiшэнi свой партаманет, сарамлiва кажа словы прабачэння. Перад тым як выйсцi з кафэ, ён яшчэ раз пытаецца:

- Дык яна апоўднi не прыйдзе, вы ўпэўнены?

Яму адказвае тоўстая гаспадыня:

- Не, не прыйдзе. Яна развiталася з намi ўчора.

Кантэн адчыняе дзверы. Ужо на парозе ён чуе, як гаспадар пасмейваецца з яго:

- Во дае, стары корч! Тут сапраўды паверыш у Дзеда Мароза... Ажно ў галаве не ўкладваецца!

19

Неўзабаве Кантэн зноў апынуўся ля вакзала Пераш. Пот цурком лiўся з яго, зубы ляскалi ад холаду. Як ён прыйшоў сюды? Чаму?

Пад пахай у яго па-ранейшаму быў пакунак для Марыi-Луiзы, толькi цяпер папера крыху падралася з аднаго боку. Кантэн успомнiў, што ён паслiзнуўся на каналiзацыйным люку i павалiўся. Нейкiя мужчына з жанчынай дапамаглi яму падняцца. Ён нават успомнiў, як жанчына сказала, спачуваючы:

- Бедны чалавеча, добра, што ў вас тоўстае палiто.

Кантэн не ведаў, падзякаваў ён гэтым добрым людзям цi не. Ён нават не запомнiў iхнiх твараў.

Кантэн папытаўся ў даведачным акенцы пра расклад цягнiкоў. Раней як у 18 гадзiн 59 хвiлiн нiчога не было. Яму гэта было даўно вядома, але ён забыўся, бо галава яго апусцела. Яна вызвалiлася ад усяго, што было ў ёй перад прыездам сюды, i напоўнiлася горадам, тварамi, гукамi, галасамi... Асаблiва галасамi. Яны гучалi бесперапынна, але нельга было разабраць асобных слоў. Ды i словы гэтыя не мелi больш нiякага сэнсу. З iх утваралася глухое бурчанне пачвары, якая сядзела перад гэтым вакзалам i называлася горадам.