Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 53

Бернар Клавель

Небарака! Няўжо прастытутка будзе гэтак гаварыць пра звычайную суседку?! Няўжо недастаткова таго, як глядзеў на Кантэна гэты малакасос з салона Раберцi? Можа, якраз ён ва ўсiм i вiнаваты, гэты смоўж? З якой асалодаю размазаў бы Кантэн яго агiдную фiзiяномiю!

Кантэн спынiўся. Яму здавалася, што ён зараз звар'яцее, што зараз яго галава лопне, як бурбалка, i ўсё будзе скончана.

I сапраўды, якi ён вар'ят! Пакiнуць родныя мясцiны, каб за адну ноч згубiцца тут, забiць у сабе чалавека, якiм ён быў ад нараджэння. Горад выбiў яго з раўнавагi, i цяпер Кантэн быў гатовы нават забiць чалавека за тое, што той не так на яго паглядзеў. Вось што зрабiлася з iм. I ўсё за тое, што ён палiчыў сваю дачку загубленай. Ледзь усю палiцыю на ногi не падняў.

Як знайсцi ў сабе сiлы, каб супакоiцца?

Кантэн паглядзеў навокал, каб вызначыць, дзе ён знаходзiцца. Невялiкая царква на ўзгорку дазваляла яму лёгка арыентавацца тут. Ён зразумеў, што iшоў у напрамку Пераша, а яму патрэбна была рэстарацыя, якая знаходзiцца побач з тэатрам. Кантэн бачыў тэатр учора вечарам, а таксама зусiм нядаўна. Ён вернецца, ён шпарка пойдзе туды, хоць ведае, што ў яго вельмi мала шанцаў спаткаць дачку ў рэстарацыi ў гэты час. Але гаспадар павiнен ведаць яе, i, магчыма, ён скажа Кантэну, дзе Марыя-Луiза працуе. Кантэн успомнiў, як дачка расказвала, што яна харчуецца ў адным i тым жа месцы. Вiдаць, так яно i ёсць. Як ён пра гэта раней не падумаў.

Чым блiжэй падыходзiў ён да рэстарацыi, тым больш спакайнеў. Апынуўшыся перад шыльдаю "У Фернана", Кантэн зусiм супакоiўся.

Вузенькi ўваход быў зроблены з цёмна-чырвонага дрэва, акенца было напалову завешанае фiранкамi, i калi б Кантэн устаў нават на дыбачкi, ён не ўбачыў бы, што там робiцца ўсярэдзiне.

Раптам у грудзях прачнуўся боль, якi нагадваў маленькага грызуна, што распачынаў сваю работу. Няўжо спакой пакiне яго зноў?

Не разважаючы больш, Кантэн паклаў руку на клямку. Нават вагi яго рукi было досыць, каб дзверы расчынiлiся. Невялiкае памяшканне было пустое. Сталы, засланыя папяровымi абрусамi, стаялi шчыльна, зверху былi раскладзены прыборы. Адразу налева ад дзвярэй знаходзiўся бар.

У зале панавала цiшыня. З дзвярэй, якiя былi ў глыбiнi бара, iшоў пах смажанага мяса.

Кантэн паглядзеў у бок вулiцы. Яму хацелася ўцячы адсюль. Аднак ён не варухнуўся. Дзесьцi нешта грукнула. Потым адчынiлiся i зачынiлiся дзверы. Пачулiся павольныя крокi. З'явiўся дужы чырванатвары мужчына гадоў пад пяцьдзесят, у блакiтным, як у садоўнiка, фартуху. Стаўшы за прылаўкам, ён спытаўся, гледзячы на Кантэна:

- Што, не горача?

- Не.

- Зранку здавалася, што будзе сонечна, але вось зноў хмарыцца.

Чалавек змоўк. Ён абапёрся рукамi на край прылаўка i чакаў.

Кантэн зразумеў, што трэба нечага выпiць.

- Дайце мне шклянку вiна, - прамовiў ён.

- Белага?

- Але, белага.

Чалавек выняў з невялiкага цынкавага бака лiтр белага вiна i налiў шклянку на высакаватай ножцы.