Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 52

Бернар Клавель

Слова "пачвара" зноў навяло яго на роздум аб настаўнiку. Цяпер усё скончана. Нават калi яна i вернецца з бацькам дадому, яна нiколi не выйдзе замуж за настаўнiка. Навошта шлюха сумленнаму хлопцу? Калi яна вернецца, яна будзе...

Кантэн не ведаў, што яна будзе рабiць. Ён не ведаў нiчога. Больш нiчога. Як толькi ён перавёў позiрк з iншых на сябе, яго гнеў растаў вокамгненна. У галаве было пуста, ногi дрыжалi, як i тады, калi ён стаяў перад дзвярыма Марыi-Луiзы. У грудзях халадзела. I гэты холад быў мацнейшы, чым на вулiцы.

Кантэн павольна павярнуўся i пайшоў у другi бок.

Горад быў далёка. Ён згубiўся за бясколерным экранам, якi схаваў усё: фарбы i пякельны грукат, што нагадваў дыханне магутнай пачвары.

18

Ён доўга крочыў проста так, без мэты. Нарэшце выйшаў да ракi, пайшоў уздоўж яе, але яго нiчога не займала. Позiрк не спыняўся нi на чым, i нiчога не знаходзiла водгуку ў яго сэрцы.

Толькi ўвесь час прыходзiла ў галаву фраза:

- Марыя-Луiза - працаўнiца... Гэта не тая дзяўчына, якая бавiцца.

Гэтыя словы паўтаралi розныя людзi. Хто сказаў iх першы, прастытутка з пятага паверха цi родная мацi Марыi-Луiзы?

Iзабэла таксама часта казала, што яе старэйшая дачка вельмi працавiтая, вельмi ўпартая ў дасягненнi сваёй мэты. Яна сама надумала паехаць у горад. Мацi лiчыла, што так будзе для яе лепш. Марыя-Луiза сама адштурхнула ад сябе настаўнiка. Яна паставiла сабе вышэйшую мэту. Бо яна ж гэткая ўпартая! Яна не будзе марна трацiць гэтулькi часу, каб зноў вярнуцца ў глуш! Навошта ёй дабiвацца становiшча, каб потым скончыць жыццё на кухнi вясковага настаўнiка? Навошта атрымлiваць прафесiю артыста, каб потым латаць шкарпэткi? Варта толькi паглядзець на падарункi, якiя яна прысылала сваёй сястры, каб уявiць, якога становiшча яна дамаглася. I ўсё адна! Простая сялянская дзяўчына! Яе бацька нават пальцам не варухнуў, каб дапамагчы.

Кантэн паўтараў гэтыя словы, жаваў iх, быццам кавалак кары, набраклы горкiм сокам. I чым больш ён жаваў iх, тым больш яны атручвалi яго, быццам былi ядам.

Гэта ён вiнаваты ва ўсiм, раз такое дапусцiў. Ён нiводнага разу не наведаў сваё дзiця. Цяпер што, бiць яе? Лаяць? Забраць адсюль сiлай i завезцi дадому? А можа, яна засмяецца яму ў твар? Бо ён жа нiколi не патурбаваўся нават, каб даведацца, як яна жыла з таго часу, як пакiнула бацькоўскi дом.

У яго галаве ўсё перамяшалася: i словы прастытуткi, i словы яго жонкi, i словы кансьержкi, i словы жанчыны з блакiтнымi валасамi, i словы дзяўчыны з салона Раберцi. Яны ўсё больш i больш пераконвалi яго, што Марыя-Луiза загубiла сябе.

Ён марна шукаў слоў, якiя б маглi суцешыць яго, даць хоць невялiчкую надзею. Такiх слоў не было.

- У Фернана... Апоўднi... Часам яна там бывае. Магчыма, вам пашанцуе.

Гэтыя словы сказала светлавалосая прастытутка. Цяпер яны ўсхвалявалi Кантэна.

- Мне будзе не хапаць Марыi-Луiзы... Яна добрая сяброўка.

А што, калi гэтая шлюха была толькi суседкай яго дачкi на лесвiчнай пляцоўцы або проста клiенткай, якой Марыя-Луiза рабiла прычоску? I не брала грошай. Таму яна шкадуе Марыю-Луiзу. Шкадуе, што тая паедзе. Значыць, Марыя-Луiза не адчынiла свайго салона. Але калi яна стала прастытуткай, дык навошта ёй пакiдаць Лiён? Тым больш навошта ехаць у Парыж?