Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 51

Бернар Клавель

- А якi вам патрэбен?

Кантэн не ведаў, што адказаць. Тады мужчына ў белым кепi сказаў:

- Гэта залежыць ад таго, якi вам патрэбен. Напрыклад, вы згубiлi рэч, то вам трэба iсцi на вулiцу Сэн-Жан.

- Не, - прамовiў Кантэн, - гэта справа асабiстая i тэрмiновая.

- Вы не адсюль? Нетутэйшы?

- Але.

- Значыць, вам трэба iсцi ва ўчастак. Плошча Антанэн Пансэ. Вы ўбачыце самi, гэта побач з паштамтам, калi iдзеш у бок Рэйна.

Паставы вызвалiў руку з-пад пелерыны i паказаў Кантэну кiрунак, у якiм трэба iсцi. Кантэн выслухаў яго тлумачэннi, падзякаваў i пайшоў.

Цяпер на вулiцах народу было менш, i ён мог крочыць шпарчэй. Кантэн ступаў шырока, часта перахоплiваў пакунак то адной, то другою рукой, раз-пораз папраўляў капялюш, якi спаўзаў з мокрай галавы. Iдучы, ён ледзь стрымлiваў у сабе гнеў. Гэты гнеў надасць яму сiлы, калi ён скажа палiцэйскаму: "Я шукаю сваю дачку-прастытутку". I ён ведаў, як нялёгка будзе сказаць гэта. Ён зразумеў гэта яшчэ тады, калi звярнуўся да паставога i не змог растлумачыць, чаго ён хоча.

Чаго ён хоча? Ён хоча знайсцi сваю дачку Марыю-Луiзу. Дзяўчынку, якую ён адну адпусцiў у гэты вялiкi горад, а яна згубiлася. Што з ёй тут здарылася? Невядома! Хто вiнаваты? Можа, гэты агiдны Раберцi альбо гэта жанчына з блакiтнымi валасамi? Трэба iх арыштаваць? Кiнуць у турму? А разам з iмi i гэту шлюху, што жыве на адной лесвiчнай пляцоўцы з Марыяй-Луiзай? Можа, якраз яна i сапсавала малую?

- Добрая сяброўка... Мне будзе не хапаць яе...

Яна сама, вiдаць, не раз абкрадала яго дачку. А выдумала пра нейкага злодзея. Кантэну карцела пабiцца з кiм-небудзь. За некалькi хвiлiн ён ператварыўся ў зусiм iншага чалавека. Цяпер ён глядзеў на сустрэчных з нянавiсцю. Кантэн спадзяваўся ўгадаць на iх тварах нейкую вiну. Усе маладыя хлопцы здавалiся яму злодзеямi i мелi звычкi сутэнёраў. Чаму фараоны не арыштуюць усю гэту сволач? Чаму гэтыя падонкi гуляюць на волi? Каб псаваць сумленных дзяўчат? А фараоны не звяртаюць нават увагi на iх. Яны стаяць побач па двое, па трое на рагу вулiц i толькi перашкаджаюць вам пераходзiць там, дзе вам пажадаецца. А ў гэты час, замест таго каб займацца справай, дзяўчаткi гандлююць сваiм целам. Кажуць, што i сярод палiцэйскiх ёсць сутэнёры. Цяпер Кантэну няцяжка ў гэта паверыць. Але калi яно сапраўды гэтак, цi можа ён тады спадзявацца на дапамогу камiсара палiцыi?

Па меры таго як Кантэн наблiжаўся да плошчы Пансэ, у яго галаве ўзнiкала тысяча довадаў наконт таго, каб не ўблытваць у гэту справу палiцыю.

А што, калi ён памылiўся? Калi яго ашукалi? Можа, Марыя-Луiза ўжо адумалася? Можа, яе трэба вылаяць як след? Можа, турма гэта ўжо занадта?

Ён раптоўна спынiўся. Яго позiрк слiзгануў па вулiцы, па незнаёмых тварах прахожых. Кантэн доўга глядзеў на ўсё гэта, потым апусцiў голаў. Яго палiто было расшпiленае. Пад iм быў вiдаць жылет, спераду якога матляўся тоўсты срэбны ланцужок гадзiннiка. Штаны былi пакамечаныя. На чаравiках выступiлi шэрыя плямы солi.

А калi камiсар палiцыi папытаецца, што ён, Кантэн, зрабiў дзеля таго, каб абаранiць сваю дачку? Уберагчы яе ад горада? Ад гэтай пачвары?