Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 50

Бернар Клавель

- Мне вельмi трэба пабачыць яе! Мне трэба абавязкова знайсцi яе сёння!

- Схадзiце да Фернана. Яна там сталуецца, калi бывае адна. Я вам нiчога не гарантую, але паспрабуйце. Можа, вам пашанцуе ўбачыць там яе апоўднi.

- У Фернана?

- Вы не ведаеце, дзе гэта?

Кантэн адмоўна круцiць галавой. Ён адчуў у горле камяк ваты. Жанчына сказала яму адрас.

- Дзякуй вам, - ледзь змог ён выцiснуць з сябе.

I пайшоў прэч. Ён дайшоў да пляцоўкi i тут пачуў, як у замку павярнуўся ключ, адчынiлiся i зачынiлiся дзверы.

Кантэн азiрнуўся. Калiдор быў пусты.

17

Кантэну здавалася, што ён вельмi доўга спускаецца ўнiз. Ён не чуў ног пад сабою. Правая рука чаплялася за парэнчы. Пот цёк цурком па твары. Кантэн адчуваў, як ён цячэ i па спiне. Ад гэтага Кантэну раптам зрабiлася вельмi холадна: ажно заляскалi зубы, ажно замуцiла.

Нарэшце ён сышоў унiз, выйшаў на вулiцу, увесь час паўтараючы сам сабе адрас рэстарацыi, у якой, дасць бог, ён спаткае сваю дачку. Тут Кантэн спынiўся, абапёрся спiною на дзверы, каб крыху перадыхнуць.

Божа мой! Чаго ён так раскiс, быццам нейкi слабак?

Кантэн выпрастаўся i паглядзеў вакол сябе. На другiм баку вулiцы ён заўважыў кафэ i накiраваўся туды рашучай хадою.

Кантэн ажно падскочыў, калi побач прасiгналiла машына. У руку павеяла холадам, i хтосьцi крыкнуў:

- Куды прэш, вёска! Глядзi пад ногi!

I машына паехала далей.

- Вёска! Вёска! Ну i што з таго?

Кантэн зайшоў у кафэ, сеў за першы столiк i заказаў шклянку гарэлкi. Ён выпiў яе залпам, расплацiўся i адразу выйшаў на вулiцу. У iм толькi што прачнуўся незнаёмы яму дагэтуль чалавек, якi вымушаў яго рухацца, дзейнiчаць.

Марыя-Луiза... Яго дачка Марыя-Луiза, аказваецца, шлюха! Божа мой, цi можа такое быць? Тут нешта не так... I ўсё ж такi! А можа, iснуюць дзве Марыi-Луiзы Кантэн? Але ж яны не могуць жыць па адным адрасе.

Дык што, ён з'яўляецца бацькам такой самай шлюхi, такой самай подсцiлкi, як тая, якую ён бачыў учора вечарам або сёння ранiцай? Ну гэта, чорт вазьмi, мы яшчэ паглядзiм! Кантэн - вёска! Кантэн - недарэка! Кантэн - слабак, якi ўсё сцерпiць ад сваiх дзяцей!

Ён раптам успомнiў, як жонка некалi сказала яму:

- Твая Марыя-Луiза наробiць табе ў рот, i ты скажаш дзякуй.

Ён сцiскаў кулакi. Хай толькi ён знойдзе яе! Хай толькi яна трапiць яму ў рукi! Можа, у яе знойдзецца абаронца, але Кантэн яшчэ не стары. А потым, яшчэ ёсць палiцыя. Палiцыя? Як ён пра гэта раней не падумаў? Туды трэба было звярнуцца адразу. Там гэтых дзевак павiнны добра ведаць. Прынамсi, ён зможа атрымаць даведку. Ён будзе ведаць праўду. Яму вернуць яго дачку або пасадзяць яе ў папраўчы дом.

Дзе ён бачыў палiцэйскi пост? Гэта было ўчора вечарам. Кантэн успомнiў блакiтную светлавую шыльду з белымi лiтарамi "Палiцыя". Там стаяў паставы з аўтаматам. Але дзе гэта было? Кантэн цяпер не мог успомнiць. Дарэчы, а дзе цяпер ён знаходзiцца?

Кантэн прачытаў на шыльдачцы "Вулiца Бiржавая". Гэта яму нiчога не гаварыла, i Кантэн вырашыў пашукаць палiцэйскага. Ён прайшоў яшчэ крыху ўперад i ўбачыў ля скрыжавання паставога. Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца камiсарыят палiцыi.