Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 33

Бернар Клавель

Ён вярнуўся на лесвiчную пляцоўку, i тут яму прыйшла ў галаву думка, што можна пачакаць Марыю-Луiзу, седзячы на прыступках. Было не холадна, будынак здаваўся пустым. Схiлiўшы галаву да парэнчаў, Кантэн стаў слухаць гукi, якiя даносiлiся знiзу. Па радыё перадавалi музыку. Гучала пяшчотная мелодыя, якую стары слухаў з асалодай.

Ён ужо наважыў застацца тут, як у адным калiдоры грукнулi дзверы. Кантэн падумаў, што яго могуць убачыць на прыступках i гэта будзе непрыемна Марыi-Луiзе. ён уздыхнуў i пайшоў унiз.

Як толькi Кантэн пастукаў, шкляныя дзверы адчынiлiся. Кансьержка была даволi моцнай жанчынай з ацёклым i насупленым тварам.

- Што трэба? - спыталася.

- Мадэмуазель Кантэн...

- На пятым паверсе злева, у канцы калiдора. Там напiсана.

Яна паказала рукою на спiс кватарантаў.

- Я ведаю, - сказаў ён, - я падымаўся, але там нiкога няма.

- Вядома, у гэткi час!

Жанчына адказвала суха, трымаючы за спiною ручку прачыненых дзвярэй. За шклом паказалася дзiця, якое з цiкавасцю глядзела на Кантэна. Яно было цёмнаскурае, кучаравыя валасы ажно да вачэй.

- Вы можаце сказаць мне, дзе яна працуе? - спытаўся Кантэн.

- Дзе яна працуе?

Кансьержка коратка засмяялася i зрабiла падбародкам невыразны рух, быццам паказваючы на вулiцу. Кантэн ледзь вытрымаў яе позiрк.

- Мой бедны месьё, гэта трэба пытацца не ў мяне.

- А вы можаце мне сказаць, а якой гадзiне яна вернецца?

Усмешка знiкла з твару жанчыны. Яна рэзка апусцiла галаву, адразу стаў добра бачны яе трайны падбародак. Быццам пакрыўджаная гэтым пытаннем, яна груба адказала:

- Ну, ведаеце, я вам не цешча, каб ведаць яе прыватнае жыццё. Адно скажу, прыходзьце ранiцай. Толькi не вельмi рана. Апоўднi так.

- Апоўднi?

- Ага, апоўднi якраз добра будзе.

- I вы сапраўды не можаце мне сказаць...

- Абсалютна нiчога. Магу нешта перадаць, на тое i сяджу.

Яна паказала пальцам на пакунак, якi Кантэн трымаў пад пахай.

- Не, дзякую, - адказаў ён.

Кансьержка ўжо хацела пайсцi, i Кантэн спытаўся амаль з маленнем яшчэ раз:

- Вы сапраўды не ведаеце, калi яна можа вярнуцца?

- Не раней чым а першай цi а другой гадзiне.

Яна пiхнула дзверы i пайшла на кухню, з якой iшоў смачны пах супу з гароднiны.

Кантэн нерухома стаяў на месцы. Дзверы зачынiлiся, потым знiк твар дзiцяцi. Фiранка апусцiлася, i толькi на шкле засталася пляма, якая паступова рабiлася ўсё меншай.

Вiдаць, малое гуляла за гэтымi дзвярыма, бо фiранка зноў паварушылася. Гледзячы ў нiкуды, Кантэн паступова засяродзiўся на сваiх думках. Ён добрую хвiлiну стаяў так, пасля выйшаў на вулiцу.

11

Выйшаўшы з дому, Кантэн паглядзеў направа, у бок вулiцы Рэспублiкi. Натоўп на ходнiках, абстаўленых навагоднiмi елкамi, быў такi ж тлумны. У супрацьлеглым канцы вулiца Сухога Дрэва, наадварот, хавалася ў безжыццёвым начным змроку. Кантэн пайшоў насустрач гэтаму холаду i гэтай цемры.