Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

Бернар Клавель

Ён павольна крочыў, ступаючы то па вузкiх ходнiках, то па слiзкай маставой. Там, дзе была гразь, цяпер было цвёрда, бо ўжо браўся мароз. Маставая ажно блiшчала ад лёду. Некалькi разоў Кантэн ледзь не павалiўся. Ён адчуваў сябе нязграбным, крокi былi няўпэўненыя.

Вулiца выходзiла на набярэжную, абсаджаную тоўстымi платанамi, кара якiх блiшчала ў начы. Лямпы, развешаныя на даволi вялiкай адлегласцi адна ад адной, пакiдалi шырокiя цёмныя зоны, дзе холад здаваўся яшчэ мацнейшым. Нешматлiкiя мiнакi iмкнулiся хутчэй выйсцi на лепш асветленыя вулiцы.

На борцiку ходнiкаў снег быў белы, толькi вельмi пакалупаны рукамi дзяцей, якiя ляпiлi снежкi.

Кантэн наблiзiўся да гэтага борцiка. Унiзе, дзе ўздоўж берага выстраiлiся аўтамабiлi, вiднелася Сона. Свяцiльнi на супрацьлеглым беразе адбiвалiся ў чорнай вадзе. Плынь i хвалi скажалi гэтыя адбiткi, а часам парыў ветру ператвараў усё ў малюсенькiя iскрынкi. Такiм чынам, здавалася, што ў вадзе святла больш, чым на другiм беразе, дзе ўзвышалiся дамы з асветленымi вокнамi. Чым вышэйшыя былi дамы i чым далей яны знаходзiлiся, тым большую пляму святла яны ўтваралi. Святло, якое падымалася ад горада, здавалася, сустракала на сваiм шляху столь, зробленую з вялiкага камяка ваты, пакладзенага на дахi сама высокiх гмахаў.

Кантэн глядзеў на ўсё гэта i нiчога не бачыў. З таго часу, як ён пакiнуў той калiдор i тыя дзверы, ён зрабiўся iншым. Нешта новае пасялiлася ў iм. Гэта новае не прыносiла яму болю, але неяк авалодала яго iстотай, прымушала яго шукаць ценю, холаду, адзiноты, якая не магла быць абсалютнай на гэтай набярэжнай.

Ён стараўся глядзець куды папала: на дамы, на адбiткi ў вадзе, на дрэвы, на iх ценi на гразi, што пакрывала ходнiкi. Але ён не мог нi на чым засяродзiць свой позiрк: перад яго вачыма ўвесь час стаяла Марыя-Луiза. Яна была тут, у iм, са сваiм дзiцячым тварам, то сур'ёзным, то вясёлым, яе пагляд быў заўсёды чысты i шчыры. Была гэта Марыя-Луiза i была iншая, якая крыху нагадвала яе, але гэта была не яна. Гэта была дзяўчына, рысы, жэсты i паводзiны якой ён не мог сабе ўявiць. Не, не, не! Такое не можа здарыцца з Марыяй-Луiзай! Гэта немагчыма. Тут нейкая недарэчнасць, нейкая памылка, збег абставiн, якiя вымушаюць яго верыць у iншую праўду.

А можа, яна працуе начной цырульнiцай? Цi ж не iснуюць салоны, куды людзi могуць прыйсцi пасля рабочага дня? Цi ж няма цырульнiц у тэатрах, для артыстаў? Можа, яна працуе там i таму хавае гэта ад бацькоў? Цяпер зразумела, чаму яна занятая ў святочныя днi.

Кантэн цвярдзiў сабе гэта i адганяў iншыя думкi. Аднак нешта пачынала грызцi яго сэрца, i ён ужо не мог даць гэтаму рады.

Ён усё крочыў па набярэжнай. Крочыў, а ў грудзях калола ў такт крокам.

Тут холад быў не такi, як дома. I ноч была не такая. Было бачна куды больш прадметаў, але ўсе яны здавалiся пустымi, быццам пазбаўленымi сэнсу. Гэта была адна з тых начэй, у якiя трацiш упэўненасць у мэце. Крочыш i не ведаеш, цi ёсць у канцы шляху маленькi цёплы дамок, аб якiм ты марыў тысячу гадоў.

Праходзячы пад свяцiльняй, Кантэн расшпiлiў футра i паглядзеў на гадзiннiк. Было крыху больш чым сем з паловаю. Пэўна, Iзабэла i Дэнiза скончылi мыць посуд. Цяпер яны вядуць гутарку пра яго i Марыю-Луiзу. Яны ўяўляюць, што ён сядзiць з дачкой у рэстарацыi або ў яе пакоi. Iзабэла пытаецца, цi добра малая зачынiла хлеў, куратнiкi, гумно, хоць ведае, што перад сном праверыць усё сама. Абедзве яны сядзяць ля агню i прыслухоўваюцца да гукаў, якiя даносяцца з двара. Дэнiза запалiла лямпачку ў ясельках i расказвае пра сваю старэйшую сястру: