Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 35

Бернар Клавель

- Калi мы былi малыя, яна часта расказвала мне пра дом, у якiм яна будзе жыць, як вырасце. Гэты дом будзе падобны на яселькi, у iм будзе такое ж маленькае акенца, праз якое можна будзе глядзець, як на вулiцы iдзе снег. Цi мае яна такi дамок у Лiёне?

Кантэн зноў спынiўся. Гэтыя простыя словы Дэнiзы раптам выклiкалi ў яго такое хваляванне, што ажно перахапiла дыханне.

- Марыя-Луiза! Гэта немагчыма...

Ён сказаў гэта ўголас i, спалохаўшыся, азiрнуўся: цi не падслухаў хто-небудзь. Ззаду нiкога не было.

Кантэн iшоў доўга, пакуль нарэшце не апынуўся ля вакзала.

Кантэн не ведаў ужо, iсцi яму далей цi вяртацца. Ён пераклаў свой пакунак з-пад левай рукi пад правую. Вiдаць, Дэнiза казала i пра гэты пакунак. Кантэн чуў яе бесперапынныя пытаннi i незадаволеныя жончыны адказы.

- Яна прыедзе з татам, праўда?

- Але. Будзем чакаць.

- Яны прыедуць сёння вечарам цi заўтра?

- Нiчога не ведаю. Чакай вось, як я.

- Навошта ты дала яму гэты падарунак, раз Марыя-Луiза сама прыедзе?

- Дэнiза, я ўжо стамiлася ад тваiх пытанняў!

- Я таксама падрыхтавала Марыi-Луiзе невялiкi падарунак.

- Дзе ён?

- Пакажу потым.

Кантэн добра ўяўляў сабе, аб чым яны гаварылi. Там усё iшло сваiм ходам, без нечаканасцей. Менавiта гэтак i павiнна быць у яго доме, над якiм уладарылi цёмная ноч i ледзяны паўночны вецер, але там утульна i цёпла ад дроў, якiя гараць у печы. Гэты агонь свецiцца ў начы. Астатняе ахоплена зiмой. Праз шчылiны ў аканiцах лiецца залатое святло, якое можна заўважыць, як толькi мiнеш апошнi паварот дарогi.

Кантэну карцела апынуцца ў той начы. Яна прыцягвала яго гэтак жа моцна, як горад адштурхоўваў. Бясколерная цемень гарадской ночы не была падобнай на тую, у якой панавалi нябачныя ручаiны туману i ветру.

Ён думаў пра сваю жывёлу, пра цёплы i жывы пах хлява, пра рэдкiя, але цёплыя i прыемныя пахi ў скляпах. Кожны склеп меў свой пах. Там, дзе ляжалi вялiкiя вiнныя бочкi, пахла дрэвам i вiном з прысмакам браджэння, якi ачышчае горла. А там, дзе паскладаныя бутэлькi, быў iнакшы пах. Гэты пах паступова напаўняе ваш рот слiнай. Побач знаходзiлiся загарадкi з бульбай, гароднiнай, яблыкамi. Усе гэтыя пахi Кантэн насiў у сабе. Ён пазнаваў iх адразу i нiколi не блытаў. Цяпер ён востра адчуваў кожны гэты пах. Потым перад вачыма зноў з'явiлася кухня, i Дэнiза не адставала ад мацi з пытаннямi:

- Дзе яны цяпер, як ты думаеш?

- Калi не ў рэстарацыi, то, напэўна, у Марыi-Луiзы. У горадзе вячэраюць не так рана, як у нас. Бацька будзе спаць на канапе... Яны будуць гутарыць дапазна...

Кантэн паглядзеў навокал сябе. Яму хацелася крычаць, клiкаць Марыю-Луiзу. Падумаць толькi, яна тут, у горадзе, а ён не можа яе знайсцi! Ён нават у думках не мог дапусцiць, што некалi трапiць у гэткае становiшча. Кантэну здавалася, што ён знаходзiцца адначасова дома i ў горадзе. Гэта раздваенне прымушала яго моцна пакутаваць. А ў глыбiнi душы нараджалася нейкая глухая радасць. Ён ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца балючым смехам, якi сцяў яго горла.