Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 32

Бернар Клавель

Кантэн пачаў прыглядацца да вiтрын, спадзеючыся ўбачыць дзверы з яе прозвiшчам. На вулiцы Рэспублiкi палiцэйскi растлумачыў яму, дзе знаходзiцца вулiца Сухога Дрэва. Гэтыя дзве вулiцы перакрыжоўвалiся. Тут ён успомнiў, як Марыя-Луiза тлумачыла, што яе кватэра знаходзiцца непадалёку ад салона Раберцi. Кантэн жа iшоў па паралельнай вулiцы. Яна была шырэйшая, i на ёй рух быў большы.

Уздоўж ходнiкаў стаялi ўпрыгожаныя мноствам рознакаляровых лямпачак елкi. Сама высокая елка была ўстаноўлена на плошчы, ля помнiка. Побач з ёю быў падвешаны на вялiкiм трыножнiку пузаты кацёл. Адны прахожыя кiдалi ў яго грошы, другiя падыходзiлi з пакункамi i складалi iх побач з катлом. Тут жа падскоквала на месцы i бесперапынна трэсла званочкам жанчына, апранутая ў блакiтную форму Армii выратавання.

Некалькi разоў Кантэна штурхалi маладыя людзi, якiя снавалi туды-сюды гуртамi i моцна крычалi. Калi яны iшлi насустрач, людзi старэйшага ўзросту саступалi iм дарогу, i гэта нiкога не здзiўляла.

Кантэн перастаў глядзець на вiтрыны. Ён добра разумеў, што Марыя-Луiза не можа ўладкавацца на гэткай вулiцы. Цяпер ён больш узiраўся ў твары дзяўчат, аднак нiводны твар не быў падобны да твару Марыi-Луiзы. Ён патрацiў нямала часу, пакуль выйшаў на патрэбную вулiцу. Дом, у якiм жыла дачка, знайшоў адразу.

Калiдор быў даволi шырокi, цёмны, але чысты i без пахаў. Пакой кансьержкi знаходзiўся на антрэсолях. Шкло на дзвярах закрывалi фiранкi. У спiсе кватарантаў ён прачытаў: "Кантэн, пяты паверх, злева". Нейкi момант ён вагаўся, пастукаць да кансьержкi цi не, потым стаў павольна падымацца па прыступках. Стары не прывык да шматпавярховых дамоў, таму адразу задыхаўся i спацеў.

Кантэн звярнуў увагу на тое, што на кожнай лесвiчнай пляцоўцы было па двое дзвярэй. На пятым жа паверсе пляцоўка была шырэйшая, i ад яе разыходзiлiся ў бакi два калiдоры. У гэтыя калiдоры выходзiла з дзесятак аднолькавых дзвярэй. Кантэн стараўся крочыць як мага цiшэй, але гэта было немагчыма з-за плiтачнай падлогi, на якой многiя плiткi не трымалiся i грукацелi, калi стары наступаў на iх. На кожных дзвярах было прозвiшча, надрукаванае аднолькавай шэрай фарбай, на некаторых вiсела вiзiтная картка. Кантэн адшукаў вiзiтную картку Марыi-Луiзы, якая была прымацавана чатырма кнопкамi да апошнiх дзвярэй, з левага боку калiдора. Сэрца ў Кантэна моцна бiлася, i ён падумаў, што гэта ад таго, што ён вельмi шпарка падымаўся па гэтай праклятай лесвiцы. Счакаўшы некалькi хвiлiн, ён пастукаўся ў дзверы. Нiхто не адказаў. Кантэн уздыхнуў. Дарма ён падымаўся сюды, трэба было спачатку папытацца ў кансьержкi, цi дома Марыя-Луiза.