Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

Бернар Клавель

Тут яна замаўчала, адвярнулася i крыкнула ў калiдор:

- Жазэта!

- Што? - адазваўся нехта ў глыбiнi.

- Ты не ведаеш, дзе цяпер Марыя-Луiза?

- Яна не казала мне, але думаю, што перабiваецца адна. Дзе, гэта ўжо iншая справа. А жыве яна, здаецца, на той самай кватэры.

Голас змоўк, i Кантэн пачуў, як дзесьцi зарыпелi дзверы. Жанчына спытала ў яго, цi ведае ён адрас Марыi-Луiзы, i Кантэн падумаў, што ён павiнен папрасiць у яе прабачэння.

- Ведаю, - адказаў ён. - Але ў гэткi час я разлiчваў убачыць яе тут...

- Сапраўды. Тады iдзiце на яе кватэру, там вы зможаце пакiнуць свой пакунак у кансьержкi.

На яе твары зноў з'явiлася ўсмешка. Жанчына павярнулася да дзвярэй, але тут Кантэн пачаў дзякаваць ёй.

- Няма за што, - проста адказала яна.

10

Кантэн не заўважаў, што крочыць па вулiцы. Ён не памятаў, як спусцiўся па бруднай лесвiцы салона Трыанон. Цяпер ён спынiўся ля ярка асветленай вiтрыны, расшпiлiў палiто i паглядзеў на гадзiннiк. Было шэсць гадзiн з паловаю. У глыбiнi вiтрыны было вялiкае люстэрка, i Кантэн здзiвiўся, калi ўбачыў у iм свой твар, свой капялюш, сваё футра, пакунак рудога колеру, перавязаны белым матузком. Доўгiя водсветы драбнiлi яго воблiк. Лямпы надавалi яго твару своеасаблiвы, незнаёмы колер. Такога колеру не бывае ў прыродзе. I Кантэн стаяў, быццам палонны ў гэтым люстры, быццам прывязаны да свайго двайнiка, якi так мала быў падобны да яго.

За спiною двайнiка крочылi людзi, а iх галасы i крокi Кантэн чуў за сабою. Нейкi момант ён глядзеў на iх. Яму быў незнаёмы гэты рухлiвы свет, яму было чужое ўсё гэта, што не адбывалася ў iм самiм.

- Марыя-Луiза...

Ён некалькi разоў паўтарыў гэта iмя, назiраючы ў люстры, як варушацца яго вусны. Ён глядзеўся ў люстэрка толькi тады, калi галiўся. Але ён не звяртаў нiколi ўвагi нi на свае вочы, нi на рот. Ён сачыў, як мыльная пена пакрывае яго бараду, вусы, нос, сачыў за рукою i брытвай.

Няўжо ён сапраўды бачыў сябе першы раз? Няўжо ён быў такi на самай справе? Няўжо гэта быў яго твар, схаваны ў футры i напалову закрыты занадта шыракаполым капелюшом?

Кантэн раптоўна сарваўся з месца i пакрочыў далей.

Марыя-Луiза! Так, Марыя-Луiза! Ён павiнен знайсцi яе. Знайсцi, што б там нi было. Што яму было вядома? Што яна два разы за год памяняла работу i не паведамiла аб гэтым. Салон Раберцi яна, вядома, пакiнула з-за гэтага малакасоса i з-за яго занадта размаляванай сяброўкi. Марыя-Луiза нiчога пра гэта не пiсала. А што думаць пра другое месца яе работы? Кантэн ведаў, што яшчэ iснуюць месцы спатканняў, нейкiм чынам замаскiраваныя дамы распусты. Аднойчы яны нават размаўлялi на гэту тэму з настаўнiкам, калi той даў яму прачытаць цiкавую кнiжку "Бубу з Монпарнаса". Кантэн добра памятаў тую iхнюю размову. Яны з настаўнiкам зрабiлi вывад, што напалову падпольная прастытуцыя з'яўляецца прыкладам вялiкай крывадушнасцi. Тут жа было нешта iншае. Гэта шыльда, дом, жанчына з блакiтнымi валасамi, яе дзiўны прыём. Няўжо Марыя-Луiза прыходзiла сюды? Няўжо маладых дзяўчат сапраўды наймаюць як манiкюршчыц i не гавораць iм, што ад iх патрабуецца? Урэшце, Марыя-Луiза проста не змагла б...