Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

Бернар Клавель

Бачачы гэты натоўп, Кантэн зноў успомнiў свой дом, якi стаяў адзiн сярод чыстага поля, усланага бялюткiм снегам. Аканiцы, напэўна, ужо зачыненыя, перад дзвярыма вiсiць посцiлка, якая не дае дзьмуць холаду ў пакой. Але ўсё адно стынуць ногi, хоць плiту палiлi ўвесь дзень. Вiдаць, Дэнiза запалiла лямпачку ў ясельках i разглядае iх. Мацi варыць суп. Ад гэтых думак на душы ў старога крыху пацяплела. Гэты маленькi проблiск успамiну быў мацнейшы за бачанае iм цяпер гарадское вар'яцтва. Кантэн баяўся горада заўсёды, добра не ведаючы чаму, а сёння гэты страх вярнуўся да яго з новай сiлай, i старому так захацелася дадому!

Перад вачыма з'явiўся настаўнiк. Што ён робiць у гэты час? Сядзiць адзiн у сваiм пакоi або пайшоў у госцi да свайго жанатага калегi? Той таксама жыве ў школе i, мабыць, запрасiў хлопца адсвяткаваць Каляды разам. Але што ён палiчыць за лепшае: застацца аднаму ў пустым пакоi цi правесцi час у кампанii шчаслiвай пары? Пара была сапраўды шчаслiваю, гэтага ад людзей не схаваеш. Кантэн амаль не бачыў, каб яны былi адно без аднаго, заўсёды хадзiлi разам, узяўшыся за рукi, як дарослыя дзецi. Будынак школы стаяў у спакойным месцы, з бакоў яго ахiналi старыя каштаны, i тут можна было жыць вечна ў мiры i шчасцi. Не тое, што гэты горад.

Выбiраючыся з натоўпу i абыходзячы машыны, Кантэн паспрабаваў уявiць на гэтых вулiцах цыбатую постаць настаўнiка. Занадта доўгiя канечнасцi перашкаджалi хлопцу рухацца, нават калi хапала месца, i тут ён проста не змог бы iснаваць. А вось Марыя-Луiза - iншая справа. Кантэн успомнiў пра яе, калi звярнуў увагу, як лёгка сноўдаюць дзяўчаты памiж групамi прахожых. Быццам стронгi сярод скалаў у бурлiвай плынi. Напэўна, Марыя-Луiза рухаецца тут без цяжкасцей i, вiдаць, з пагардай глядзiць на гэты натоўп.

Але цi адчувае яна сябе шчаслiвай? Кантэн гэтага не ведаў.

I, быццам ап'янелы ад бесперапыннага руху, ад гучнага гоману, Кантэн крочыў далей, ужо не ўзiраючыся больш у падобныя адзiн да аднаго твары.

Ён крочыў па гэтай ярка асветленай гарадской вулiцы i думаў пра дачку, якая марыла некалi сядзець у маленькiм цёплым дамку i пазiраць праз акно, як падае бялюткi снег.

8

Адшукаць салон Раберцi было няцяжка. Кантэн доўга стаяў перад вiтрынай, за якой былi выстаўлены касметычныя прылады, фотакарткi прыгожых жанчын. Усё гэта было раскладзена на чырвоным аксамiце, прысыпаным штучным снегам. Памiж фотакартак ляжала некалькi яловых лапак, падобных на тыя, якiя Кантэн прывёз Дэнiзе для ясельцаў. I старому было дзiўна, што ў гэтай перапоўненай яркiм святлом вiтрыне жывыя лапкi знаходзяцца побач з нежывымi блiскучымi прадметамi. Гледзячы на сфатаграфаваныя прычоскi, Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, i ёсць яе работа, i нечакана засмяяўся. Ён успомнiў, як Марыя-Луiза, калi ёй было восем цi дзевяць гадоў, абстрыгла сваю сястрычку. Цяпер ён смяяўся, спрабуючы ўявiць партрэт маленькай Дэнiзы сярод гэтых дам з высокiмi прычоскамi.

Потым Кантэн зрабiў яшчэ два крокi i апынуўся перад дзвярыма. Дзверы былi зроблены ў выглядзе вялiзнага люстэрка, чорная ручка нагадвала доўгую тонкую руку з тонкiмi пальцамi. Дзверы вялi ў невялiчкi калiдор, сцены якога былi з рыфленага шкла. Калiдор быў пусты, а за шклянымi перагародкамi рухалiся ценi. Кантэн паназiраў хвiлiну. Прахожыя штурхалi яго то з аднаго боку, то з другога, i ён вымушаны быў супрацiўляцца, каб натоўп не пацягнуў яго за сабою. Ён яшчэ раз паглядзеў на нумар будынка, на шыльдачку з назвай i пiхнуў рукою дзверы.