Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Бернар Клавель

Адразу перахапiла дыханне ад цёплага паветра, моцна насычанага духамi. Кантэн аддыхаўся. Свой капялюш ён схаваў спачатку за спiною, а пасля падумаў, што яго можна пакiнуць тут, у калiдоры. Яму не верылася, што Марыя-Луiза зусiм побач. Мабыць, яна пачула, як ён увайшоў, i зараз выйдзе яму насустрач праз адны з гэтых трох дзвярэй, якiя зроблены ў шкляных перагародках. Стары адчуваў, што яна вось-вось з'явiцца перад iм, загаворыць, абдыме... Ён увесь быў ахоплены чаканнем, як раптам у галаву яму прыйшла недарэчная думка, што ён павiнен пайсцi адсюль, павiнен знiкнуць да таго, як увойдзе Марыя-Луiза, бо яна не даруе яму таго, што ён сам прыйшоў сюды, у гэты салон, апрануты ў нямоднае футравае палiто i ў старадаўнi капялюш. Ад хвалявання стары пацёр сваiмi тоўстымi пальцамi, уражанне было такое, быццам скрабянулi рашпiлем па дрэве. Цi ж месца селянiну з гэткiмi рукамi ў такiм салоне? Каму ён тут патрэбны? Магчыма, Марыя-Луiза i не расказвала нiкому, хто яе бацькi. Можа, яна нават саромелася iх i таму так рэдка прыязджала дадому?

Прайшла хвiлiна, другая, пакуль на парозе адных дзвярэй не з'явiлася чарнявая дзяўчына, апранутая ў дзiўны, вельмi кароткi халат са светлай тканiны. Яна ўсмiхнулася Кантэну i проста сказала:

- Мсьё?

Кантэн кашлянуў. У горле казытала ад цёплага i перасычанага духамi паветра. Яму трэба было спытацца пра Марыю-Луiзу, але ён не мог нi слова вымавiць, быццам на нейкi час адняло мову. Калi ён нарэшце спытаўся, дзяўчына здзiўлена паглядзела на яго i перапытала:

- Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?

- Але, Кантэн, - адказаў стары.

- У яе спатканне на гэты вечар?

Кантэн вагаўся. Ён не разумеў, што яна мела на ўвазе. Машынальна паўтарыў:

- Спатканне...

- Вы ведаеце, у якой гадзiне яна павiнна прыйсцi?

Кантэн задумаўся. Яму здалося, што дзяўчына не разумее яго вясковай гаворкi. Ён маўчаў, i дзяўчына паўтарыла:

- Гэта асоба павiнна была назначыць спатканне. Вы ведаеце, у якой гадзiне яна павiнна прыйсцi сюды?

Яна размаўляла з iм, як з малым, як з прасцячком. Паўтарала адно i тое па два разы, добра вымаўляла словы, мяняла iх месцамi. Ён выпрастаўся, каб надаць сабе больш важны выгляд, распрастаў плечы, якiя стулiлiся пад цяжарам футравага палiто. У яго галаве мiльганула думка, што дзяўчына працуе тут нядаўна, што яе ўзялi часова, на перыяд святаў. Раз яны бяруць дадатковы персанал, значыць, у iх вельмi шмат работы. Тады Марыi-Луiзе будзе нялёгка адпрасiцца. Ён вырашыў быць настойлiвым i сказаў упэўненым голасам, што Марыя-Луiза не клiентка, што яна тут працуе. Дзяўчына здзiвiлася i спыталася яшчэ раз: