Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 26

Бернар Клавель

- Вы сказалi: Марыя-Луiза Кантэн?

- Але, мадэмуазель.

- Тады вы памылiлiся. У нас няма работнiцы з такiм прозвiшчам.

Кантэн адчуў, што ў яго пачынаюць дрыжаць рукi. Былы спакой амаль рассеяўся. Хваляванне нарастала.

Дзяўчына жэстам папрасiла ў яго прабачэння, хвiлiну падумала i сказала:

- Вы можаце крышку пачакаць?

Кантэн кiўнуў галавою, i дзяўчына знiкла. Паветра было настолькi густое, што дыхаць iм было немагчыма. Кантэн адчуваў сябе кепска i баяўся, што зараз це вытрымае i выйдзе адсюль. Яго думкi пераблыталiся. Ён пытаўся ў сябе, як тут могуць жыць падобныя на яго чалавечыя iстоты. Мiж тым за шклом увесь час рухалiся фiгуры, якiя, здавалася, адчувалi сябе добра. Галасоў не было чуваць. Толькi ў адным пакоi нехта шаптаўся.

Праз некалькi хвiлiн дзяўчына вярнулася з маладым чалавекам гадоў трыццацi. Яны спынiлiся далекавата ад Кантэна, i ён не мог разабраць, аб чым яны гутарылi. Чалавек некалькi разоў паглядзеў у яго бок, i Кантэну здалося, што яны абое смяюцца з яго. Яму зноў прыйшла ў галаву думка, што ён можа прынесцi шкоду сваёй дачцэ, i адразу ён адчуў, як яго распiрае глухая злосць. Чаго яны ўмешваюцца ў яго справы? Чаму яны адразу не паклiчуць Марыю-Луiзу? Можа, яны потым будуць пасмейвацца з яе, абзываць сялянкай? I ўсё з-за бацькi. Малады чалавек быў апрануты ў такi ж смешны халат, як i дзяўчына. Бледны твар i тонкая шыя надавалi яму выгляд хлапчука, якога дрэнна кармiлi. Кантэн мяў свой капялюш у тоўстых руках. Яму карцела падысцi да гэтага хлопца i накруцiць яму вушы.

Нарэшце дзяўчына наблiзiлася да старога. Яму здавалася, што яна ледзь стрымлiвае смех. Хуценька загаварыла:

- Я спыталася ў калегi, якi працуе тут больш, чым я. Ён сказаў мне, што мадэмуазель Кантэн сапраўды працавала тут, але больш як год назад звольнiлася.

- Больш як год назад? - перапытаў Кантэн i нахмурыўся.

Цяпер ён быў перакананы, што яны смяюцца з яго. Але што гэта дзяўчына i той малакасос з дзявочай шыяй маюць супраць яго дачкi? Што яна iм зрабiла?

- Вы кажаце, больш як год назад...

Гэта ўсё, што ён змог прашаптаць.

- Але, - сказала дзяўчына i тут жа дадала: - Яна павiнна быць у салоне Трыанон... Ведаеце, дзе гэта?

- Не, - адказаў Кантэн, - я не жыву ў Лiёне.

Дзяўчына ўсмiхнулася, агледзеўшы яго з ног да галавы. Кантэну карцела сказаць ёй, што лепш быць селянiнам, чым такой лялькай, як яна, яму хацелася паказаць ёй свае працавiтыя рукi. Але ён моцна сцяў зубы i паспрабаваў уявiць на месцы гэтай дзяўчыны сваю дачку. Няўжо Марыя-Луiза таксама вось такою зрабiлася?

Дзяўчына двойчы паўтарыла адрас i растлумачыла, як яму iсцi. Кантэн ужо павярнуўся да выхаду, калi яна дадала:

- Вы лёгка знойдзеце, здаецца, гэта на другiм паверсе.

Стары падзякаваў i выйшаў на вулiцу. Дзяўчына нейкi час стаяла на парозе i глядзела яму ўслед.

Па ходнiках бясконцай плынню цёк чалавечы натоўп. Кантэн спынiўся i ўздыхнуў на поўныя грудзi. Ад свежага ледзянога паветра яму рабiлася лепш.

9

Стаяў Кантэн доўга. Яму здавалася, што ён толькi што пабыў у нейкiм нерэальным свеце. Ён адчуваў на сабе гэты невыносны пах, якiм прапахла яго адзенне i ад якога сушыла ў горле. Гэты свет быў незнаёмы яму, але Кантэн нiяк не мог пазбавiцца ад уражання, што некалi ён ужо перажыў гэткую сустрэчу, што ён ужо быў у гэтым салоне, бачыў занадта маляваны твар гэтай малой i слабую шыю малакасоса, апранутага ў занадта кароткi халат. Яму было пагана ад той душнай атмасферы, якая была ў салоне, аднак яго чамусьцi мала здзiвiла тое, што яму там сказалi. Ён нават не здзiвiўся, калi даведаўся, што Марыя-Луiза больш як год там не працуе. Гэта азначала, што ў лiпенi, калi яна прыязджала дадому, Марыя-Луiза казала iм няпраўду.