Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

Бернар Клавель

Яму карцела прайсцi хутчэй праз гэту мала асветленую частку плошчы. Ён ведаў, што насупраць знаходзiцца вулiца Ратушы. Яна таксама была вельмi добра асветленая, i Кантэн спадзяваўся, што там ён не будзе адчуваць сябе такiм адзiнокiм. Але яму было нязвыкла на ходнiках, па якiх шпарка крочылi мiнакi. Ён нiяк не мог падладзiцца пад iх крок, для яго гэта было пакутлiвай справай. Ён часта спыняўся, баючыся сутыкнуцца з кiм-небудзь, прыцiскаўся да сцяны або да вiтрыны, прапускаючы мiнакоў.

Яшчэ ў цягнiку ён падумаў, што рабiць з капелюшом. Той быў чорнага колеру, з высокiм верхам i шырокiмi палямi. Мужчыны яго ўзросту, якiя прысутнiчалi на пахаваннях, насiлi такiя капелюшы. Тут, у горадзе, такiх капелюшоў не было. Яны былi значна меншыя, з вузкiмi палямi, вельмi розныя па форме. Кантэн даўно прыкмецiў iх на базары ў Лоне, але працягваў ездзiць туды ў шапцы. Вядома, Кантэн не звяртаў на гэта ўвагi, якi ў яго капялюш, але яму здалося, што мiнакi запыняюць на iм свае позiркi. Стары сказаў сабе, што пры ўваходзе ў салон, дзе працуе Марыя-Луiза, ён здыме свой капялюш i будзе трымаць яго за спiною.

Тут стары яшчэ раз паспрабаваў уявiць сабе салон i падумаў, што там павiнна быць вешалка, на якую яму прапануюць павесiць капялюш i футравае палiто. Такога палiта ён яшчэ не бачыў у горадзе, таму быў спакойны на гэты конт, а вось капялюш не хацелася паказваць пры Марыi-Луiзе.

Усе вулiцы нагадвалi доўгiя тунелi святла. Над вулiцай Ратушы ззяла арка, утвораная трыма дугамi: большая пасярэдзiне, а дзве меншыя з бакоў.

Чым далей стары крочыў па гэтай вулiцы, тым натоўп рабiўся ўсё шчыльнейшы i шчыльнейшы. Часам навокал усчыналася такая таўкатня, што ён вымушаны быў узяць пакунак у абедзве рукi.

Прахожыя тоўпiлiся перад некаторымi вiтрынамi, займаючы ходнiкi i нават частку вулiцы. Машыны сiгналiлi i апырсквалi разявак гразёю. Тыя лаялiся, ляскалi далонямi па кузавах машын. У гэтым было нешта вар'яцкае, i Кантэн здзiўляўся, чаму ён не бачыць няшчасных выпадкаў цi боек. Некаторыя людзi смяялiся, але на большасцi твараў Кантэн бачыў раздражнёнасць, халодную злосць, якiя вельмi кантраставалi з яркiм асвятленнем. Нават не верылася, што гэта было напярэдаднi святкавання Каляд.

Не звяртаючы ўвагi на гразь, холад, злосць, заднiя напiралi на пярэднiх, прыцiскалiся да iх спiнаў, каб разгледзець, што там цiкавае ляжыць на вiтрыне.