Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 48

К Акула

Гэткi ўжо быў наш Вiктар. I ў сумесным жыцьцi са сваймi двума сябрамi ён быў, здавалася, залатой сярэдзiнай мiж гарачым, парывiстым, бойкiм i агрэсiўным Кастусём i флегматычным, павольным, заўсёды задуманым, разважным i цьвёрдым Сымонам.

V

Цэлае Сымонава дзяцiнства было перапоўнена горам i нядоляй. Зь семярых дзяцей, што былi ў бацькi, Сымон быў пятым з чаргi паводле веку. Меў трое сясьцёр i столькi-ж братоў. Бацька меў нейкiх дзесяць гактараў ворнай зямлi й каля дванаццацi гактараў балота - у тым лiку каля чатырох гактараў балотных сенажацяў. Калi-б не тыя вечныя хваробы ў хаце, аб якiх нам раней давялося ўспамiнаць, можна было-б сямейку добра прагадаваць i, як кажуць, песенькi сьпяваць. Але Бог хацеў iнакш...

Зь дзяцiнства малому Сымону помнiлiся толькi дактары, шпiталi, нараканьнi, праклёны, малiтвы - усё гэта перамешанае, здавалася-б, без пачатку й канца. Старэйшы брат, сястра й мацi ўжо былi адышлi на той сьвет. Асаблiва помнiлася Сымону мацi. Якая гэта залатая, якая працавiтая й гаротная была жанчына. Як цяжка змагалася яна зь вечнымi хваробамi, недахопамi, жыцьцёвымi катастрофамi, як старалася вывесьцi ўсiх дзетак у людзi. Сымон нiколi ў жыцьцi ня здольны быў безь вялiкага хваляваньня ўспамiнаць пра матку. Дый цi толькi з хваляваньнем, але й з сьцiснутымi зубамi. Бо хто-ж iншы, калi не вясковыя знахары, бабы-шаптухi злячылi, са сьвету зьвялi саракадвухгадовую гаротную матку. Толькi тады, калi выразна вiдаць было, што трэба шукаць нейкага наглага ратунку, павёз яе бацька зноў да гарадзкога лекара, якi парадзiў адаслаць жанчыну аж у Вiльню, у шпiталь. Нядоўга давялося ёй там ляжаць. Пасьля двух тыдняў адышла на той сьвет. Далёка ад дому, без блiзкага чалавека каля смяротнае пасьцелi, яна i ў апошнюю хвiлiну жыцьця ня мела нармальнае для памiраючага ўцехi, што прыносiць прысутнасьць блiзкiх. Езьдзiлi на паховiны бацька са старэйшай сястрой перад самым прыходам бальшавiкоў.

Ажно тры гады пазьней, калi Сымон вучыўся ў Вiльнi, адшукаў магiлку маткi на Росах. Пагода амаль злiзала надпiс з пахiленага драўлянага крыжа, i Сымон не без цяжкасьцяў пераканаўся, што гэты, а ня iншы грудок быў магiлкай ягонай маткi. Пацяшаў сябе думкай, што некалi, мо i ў недалёкай будучынi, паставiць на месцы збуцвелага драўлянага крыжа нейкi трывалы, мо каменны. Нiчога з таго не выйшла. Ня ведаў, што хутка й самому прыйдзецца пакiнуць Бацькаўшчыну, хоць i не на той сьвет iдучы, як матка...