Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 49

К Акула

На давяршэньне ўсiх бедаў зь сямейнымi хваробамi, са знахарамi ды шаптунамi, што больш шкоды, чым карысьцi прыносiлi малаасьвечанаму народу, была ў сям'i Сымонавага бацькi Спарыша яшчэ й вялiкая гiсторыя з замужжам найстарэйшай дачкi Веры. Замужжа гэтае характэрнае для беларусаў, i было яно паўтаранае па ўсёй Беларусi ў тысячах розных варыянтаў. Вера выйшла замуж не за чалавека, а за зямлю. З агiдай успамiнаў пра свайго швагру Сымон.

- Яно-ж сабе Лявон чалавек кепскi, да працы няздатны, п'янiца й гультай, казаў, бывала, Сымонаў бацька пра будучага зяця, - але-ж зямлi мае дваццаць пяць гактараў. Там ужо яно неяк уложыцьца, утрэцца. Будуць жыць, нiдзе ня дзенуцца.

Ажно i не "ўлажылася" i ня "ўцёрлася". I быў Лявон добры, пакуль жончын пасаг прапiў (а былi ў той час яшчэ ў старога Спарыша царскiя залатыя пяцiрублёўкi, й не адзiн дзесятак Веры ў пасаг даў). А як прапiў, тады й жонку пачаў выганяць.

- Iдзi, - крычыць абнаглелы п'янiца, падгавораны вясковымi абiбокамi, што да старога Спарыша розныя злосьцi мелi, - нясi ад бацькi яшчэ золата! А як не прынясеш, дык ня жывацей! Я зь цябе выкалачу, такую тваю!..

I хадзiла Вера ўся ў сiняках. З прыгожай, як кветка, васемнаццацiгадовай дзяўчыны за пару год адабраў Лявон усю маладосьць i сiлу. Колькi, бывала, даводзiлася малому Сымону нагледзецца й наслухацца, як пакрыўджаная, да паўсьмерцi зьбiтая старэйшая сястра гадзiнамi й днямi плакала, прыбегшы да бацькоў, i жалiлася, што яе, маладую, за бандытаву зямлю замуж аддалi.

Але нядоўга Лявону давялося жыцьцём цешыцца. Неяк хапiла яго раз цi два на жывот. Лекар загадаў ад усякае садавiны ўстрымацца. Дык дзе-ж там! Аднойчы, падпiўшы на кiрмашы, сьпеленькiмi грушамi да адвалу наладаваўся. Там-жа хутка й скончыўся. Сьляпая кiшка, мусiць, ня вытрымала, цi што. Так i на паховiнах плакала Вера па iм адно для вачэй людзкiх. Жыцьцё ейнае зруйнаваў ды ўдавой з трохгадовым сынам ды старэнькай сьвякроўкай пакiнуў. I зь зямлi тэй толк малы быў, бо хутка-ж прыйшлi крывадушныя "вызвольнiкi" са зьненавiджанымi калгасамi, дык зямлi хапiла ўсiм, ажно пачало адрыгацца.

Мы вельмi павярхоўна пазнаёмiлi чытача з тым, што адбывалася й як жылося ў сям'i Сымонавага бацькi. Мы пэўныя, што калi-б хацелi апiсваць самыя неабходныя й цiкавыя дэталi адносна шматлiкiх хваробаў, то мусiлi-б сьпiсаць вялiкую шпiтальную кнiжку, а калi-б яшчэ давялося заглыбляцца ў розныя асноўныя беды сям'i старога Спарыша, то вунь колькi трэба было-б паперы!

Хто сказаў, што для маляваньня жыцьця ў аповесьцi патрэбна фантазiя? Само жыцьцё бывае часта перапоўнена такiмi капрызамi й фокусамi лёсу, што й найбольшы фантазёр пры найлепшым выдумляньнi выявiўся-б мiзэрным майстрам. I таму якраз жыцьцё бывае такое непраўдападобнае, такое жахлiвае, бо праўдзiвае.

Часта Сымону даводзiлася думаць над тым, чаму якраз у iхняй хаце ня выводзiлiся хваробы й калецтвы. Губiўся хлапец. Дый хто мог адказаць на тое пытаньне? Ахкалi й надзiвавацца не маглi суседзi, а старэйшыя бабкi так i вырашылi, што сям'я Спарышова пад нейкiм урокам была. Урок нехта, дый годзе.