Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

К Акула

Вiктар належаў да тых хлапцоў, цi мо ўжо й кавалераў, што рана пачынаюць падабацца дзяўчатам. Мо й ня ўсiм дзяўчатам, а толькi некаторым. Ды й паўбяды было-б з усяго таго, калi-б усё толькi й абмяжоўвалася падабаньнем. Але ж не. Глядзiш - як адной цi другой харашунi закруцiцца галава, а там ужо й пайшло. Там ужо неяк i лiст проста па-вучнёўску, яшчэ саромячыся, напiша. Неяк той лiст незаўважна цi то ў сшытак, цi то ў кiшэню ткне, а ўсё-ж ён да Вiктара дарогу знойдзе. Хлапец, удаючы моцна зьдзiўленага й не бяз сораму (ды навет i зачырванеўшыся), прачытае. Дый цi толькi прачытае. Глядзiш, адкуль тут у зусiм, здавалася, нясьмелага Вiктара той сьмеласьцi прыгаршчы набярэцца, ды й адказ напiша.

А там ужо на школьным калiдоры Вiктар чамусьцi палюбiць падаконьнiк на самым тым вялiкiм вакне, прылiпшы да якога ў часе перапынку, можна надта-ж добра да ўсiх дзяўчатак прыгледзецца, дый не так да ўсiх, як асаблiва да тэй аднэй - аўтарцы лiста. I каб-жа толькi прыгледзецца, а то й вокам падмiргнуць, хоць пасьля мо яшчэ й зачырванеўшыся, засаромеўшыся, на момант адвярнуцца. А там глядзiш, неяк iдучы са школы, й сьцежкi iх разам зьбягуцца. Ды ўжо навет пасьля так бывае здарыцца зь Вiктарам, што й адна цi другая лекцыя нявывучанай чамусьцi бывае, у клясе заiкацца, настаўнiку адказваючы, давядзецца. А там, пэўна-ж, была ўжо прычына...

Цяжка было-б устанавiць, цi Вiктар пачаў быў свае аморы якраз тым шляхам, аб праўдападобнасьцi якога мы тут мяркавалi, адылi адно пэўнае, што зацiкаўленую дзяўчыну ня толькi не адштурхнуў ад сябе, а наадварот: калi паехаў сам вучыць у пачатковую школу, то неяк так неўзабаве выпала, што абое апынулiся ў адной школе. Дый тут яшчэ было-б паўбяды. Але трэба ж было здарыцца, каб папаўся ў такую цесную вёску, што давялося з той самай дзяўчынай-настаўнiцай адну супольную кватэру наймаць. Як там да гэнага дайшло - няважна, галоўнае, што Вiктар зусiм зраньня пазнаў найглыбейшыя тайнiцы каханьня.

Няведама, хто быў данёс аб тым усiм добрай Вiктаравай маме. Мо яна й сама неяк пранюхала, дапыталася цi дагледзела. Аднаго прыгожага дня добрае матчына сэрца ня вытрымала, й жанчына зьявiлася да сынка на памешканьне. Доўга ня думаючы, пусьцiла ў рух добрую бярозавую палку. Дасталося-ж не толькi Вiктару, але й ягонай каханай. Пасьля гэнага неяк у вёсцы знайшлося й другое памешканьне. Але якая-б вёска вялiкая ня была, каханьне ня ведае нi адлегласьцi, нi часу.

Дык i выезд у Вiльню быў для добрай Вiктаравай мамы на пацеху. Бачыла ў тым, пэўна, ня менш чым збаўленьне сына. Што мог ён рабiць у Вiльнi - гэта ўжо зусiм iншая справа, але-ж там матчыны вочы нiчога ня бачылi й вушы ня чулi. А ад Вiктаравай каханкi той надта-ж моцна дасталося Сымону. Яна так i думала, што Сымон намовiў сябру вучыцца ў Вiленскай Беларускай Гiмназii адно таму, каб разлучыць зь ёй.