Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 47

К Акула

IV

Быў Вiктар i хвалько першаклясны. Сымон, што сябраваў зь iм ад пятае клясы сямiгодкi, сам ня мог-бы дакладна сказаць, калi першы раз заўважыў гэту рыску ў Вiктаравым характары. Мо яна паходзiла ад поўнага дастатку й дабрабыту ў сям'i. Ён езьдзiў у школу самакатам, а Сымону цяжка было здабыцца ня толькi на вопратку, але навет на новы школьны сшытак цi алавiк. Вiктар заўсёды быў добра апрануты й абуты, а Сымону пад час бальшавiцкай акупацыi прыходзiлася, ня гледзячы на кпiны ня толькi Вiктара, але й iншых школьнiкаў, наведваць заняткi ў лапцёх. Ня тое каб Сымон быў надта сарамлiвы й моцна зважаў на насьмешкi iншых вучняў. Бяда-ж ня ведае сораму. Адно што неяк часамi цяжкавата й крыўдна было цярпець тыя насьмешкi й самахвальства з боку найблiжэйшага сябры.

Асаблiва-ж тое самахвальства выявiлася ў Вiктара пазьней - на настаўнiцкiх курсах i ў Вiльнi. I прычынаю было, здаецца, ня што iншае, як посьпехi ў першым каханьнi. Як расхвалiць, бывала, сам сябе Вiктар, як зачне апавядаць, якi зь яго Казанова, дык часамi аж слухаць брыдка. I найбольш характэрным было якраз тое, што Вiктару не належылася анiякiх заслугаў у першым каханьнi. Бо сама-ж дзяўчына навязалася, прычапiлася, быццам смала тая. Вiктар быў тут толькi змушаным, сказаць-бы iнэртным, удзельнiкам, што бязь нiякага супрацiву паддаўся быў дзявочым хiтрыкам. Адно ролi былi замененыя. Ня Вiктар заляцаўся да дзяўчыны, а тая да яго. I сам пасьля мо не раз шкадаваў, што такi меў пачатак на дарозе амораў, бо, трэба прызнаць, пазьней быў зусiм няздольны, каб самому, з сваёй собскай iнiцыятывы, пачаць заляцаньнi да якой-небудзь дзяўчыны Мо калi й былi ў Вiктара якiя-небудзь, хоць маленькiя, здольнасьцi ў гэтым кiрунку. Ня быў-жа зусiм калекам. Мо й разьвiў бы iх, каб ня тая замена роляў у першым каханьнi. Як там нi было, а стаўся зусiм няздольным да заляцаньня да дзяўчат. Ня ведаў самых элемэнтарных правiлаў падыходу да прыгожага роду, ня кемiў, аб чым гаварыць зь дзяўчатамi, а калi, бывала, каторая падабалася, то ў яе прысутнасьцi зусiм трацiў галаву.

Iншая рыса Вiктаравага характару, што кiдалася ў вочы, гэта была ягоная поўная згода з жыцьцёвымi абставiнамi, цi, лепш сказаць, з курсам собскага жыцьця. Часам здавалася, што ня ён кiраваў сваiм жыцьцём, а яно iм. Гэта ня значыць, што быў ён незарадны ды недалужны. О не. Далёка не. У сваiх межах, у пэўных рамках заўсёды патрапiў добра выкарыстаць магчымасьцi, прыстасавацца да абставiнаў. Але ўжо зусiм немагчыма ўявiць, каб Вiктар пачаў накiдаць лёсу собскую волю або, тым больш, абвяшчаць яму вайну. Да гэтага ня быў здольны. Анi не стараўся глыбей аналiзаваць жыцьцё й падзеi або браць iх у свае рукi. Калi дзе траплялiся на шляху перашкоды, дык стараўся iх абмiнуць, а калi-ж не ўдавалася - выбiраў найлягчэйшую дарогу.

Калi-б, прыкладам, здарылася, што Вiктар цяпер не едзе ў Кэнiгсбэрг i не ўцякае ад бальшавiкоў, а трапiў зусiм у iншыя варункi ды абудзiўся ранiцою ў бальшавiцкiм цялятнiку-цяплушцы, што вёз яго ў Сiбiр, то й тады, здавалася-б, многа не пачаў-бы думаць, але якраз толькi ў меру i зараз-жа пагадзiўся-б са сваёй новай пераменай лёсу ды стараўся-б выкарыстаць - дзе што далося-б - для свае выгады. Яму, пэўна, нiколi-б ня прыйшло ў галаву, каб неяк вырвацца цi ўцячы з гэнай, абчапанай бальшавiцкiмi канвоямi цяплушкi, а ўжо, баранi Божа, нагаварыць да таго iншых цi навет павесьцi iх, выскачыць першым. Iншая рэч, што каб нехта плянаваў тыя ўцёкi ды ўсе згадзiлiся-б уцякаць дружным гуртам, то там, пэўна-ж, i Вiктар не застаўся-б ззаду, больш таго - i з вагону выскачыў-бы ўцякаць далёка не апошнi.