Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 50

К Акула

- Божа мой, Божа, - бедаваў часта Сымонаў бацька, - залом нейкi ў мяне ў сям'i. I чаму гэта ў мяне ня так, як у людзей? Цi-ж я больш за каго награшыў? Калi-ж гэтаму канец будзе?

I ня мог ужо, састарэўшы ад нядолi й цяжкой працы, бацька прадугледзець, што й самому яму, больш чым каму iншаму з сям'i, найбольш трагiчны й найбольш жахлiвы канец прыйдзе ўжо ў часе другой бальшавiцкай акупацыi ў канцэнтрацыйным лягеры... Ды што й рэшткi сям'i ягонай, тых калекаў i цэлых яшчэ, раней захаваных неяк лёсам, разьвее-раськiдае люты лёс па цэлым сьвеце...

VI

Усе гэтыя нядолi-няшчасьцi моцна адбiлiся на Сымонавым характары. Будучы яшчэ школьным вучнем, ён паставiў, што зямля не для яго, што трэба будзе шукаць iншых сьцежак-дарожак. Гэтым i тлумачыцца тое, што без дазволу бацькавага паехаў i паступiў у Вiленскую гiмназiю. Але ня толькi бацькава, матчына цi сямейнае гора й жыцьцё цiкавiла Сымона. Бачыў ён, што й навакол у суседзяў-сялян ня лепш. Дый без хваробаў, як у iх. Бачыў навакол бяду й галечу.

Пад час першай бальшавiцкай акупацыi хадзiў у школу й вельмi падатны быў на ўсялякую прапаганду, навет i на школьную, бальшавiцкую. Дома бачыў зусiм адваротны бок жыцьця. Бацька, выпрацаваны да зьнямогi, вечна праклiнаў "гэтую нячыстую сiлу", вечныя турботы аб тым, як выплацiць падаткi, аддаць "культналогi", "iзьлiшкi" й iншае, бясконцае й ня зусiм яшчэ малому хлапцу зразумелае, - усё гэта яўна запярэчвала казённай прапагандзе розных школьных i пазашкольных партыйных агiтатараў. Народ апынуўся ў яшчэ большай галечы, чымся быў раней за панамi. Самае асноўнае, чаго Сымон Спарыш ня мог зразумець i аб чым нельга было нiкога запытацца, гэта - чаму бальшавiкi так душылi людзей, чаму вывозiлi, чаму абкладалi такiмi непасiльнымi падаткамi, што прыходзiлася сем дзён цэлымi порамi працаваць на тыдзень; агульна гаворачы - чаму не давалi людзям жыць?

Балючымi былi бясконцыя нараканьнi бацькi. Звычайна пасьля колькiднёвай адсутнасьцi з дому па нейкай бальшавiцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або каменьня, стары Спарыш, вярнуўшыся зьняможаным дахаты, хрысьцячыся, вымаўляў: "Госпадзi мiласэрны, дзе твая справядлiвасьць? Цi-ж доўга ты яшчэ дазволiш, каб нячыстая сiла так народ душыла? Божа-ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкi чорт прыйшоў на зьмену, абы ня гэтая нечысьць паганая. Дзе-ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалiлася!"

Ажно прыйшла й зьмена, й той "чорт" на зьмену, што выявiўся анiчуць ня лепшым за тую "нечысьць".

Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праясьнiлася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускiх школах хлапец выразна ўсьведамiўся. Да гэтага спрычынiлiся найбольш лекцыi гiсторыi й лiтаратуры на настаўнiцкiх курсах. Настаўнiк гiсторыi, сам добры беларускi патрыёт, сваiм навучаньнем будаваў у сьведамасьцi й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялiкага патрыёта.