Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 45

К Акула

Мацi Кастусёва сядзела ўдома на гаспадарцы з малодшым сынам. Яна й шкадавала, што сям'я пачала распаўзацца па сьвеце, ды, як i кажная клапатлiвая, дзяцей i сям'ю любячая беларуская матка, не раз ахкала ды ойкала, думаючы то аб мужу, то аб Кастусю, ды малiлася за ўсiх Богу, каб сьцярог iх у небясьпечны ваенны час.

Вiктар Караткевiч вельмi розьнiўся ад Кастуся перадусiм у падыходзе да жыцьця. Калi ў першага было заўсёды поўна плянаў на далёкую будучыню, не гаворачы ўжо аб заўтрашнiм днi, дык Вiктар, здавалася, жыў цяпершчынай, сягоньняшнiм днём, а то й гадзiнай i зусiм ня журыўся аб тым, што будзе заўтра цi за год. I плянаў нiякiх не будаваў. У яго ўсё пакрывалася словамi "неяк будзе".

- Навошта, - пытаўся ён сяброў, калi даходзiла да гутаркi, - думаць мне аб тым, што будзе заўтра цi пасьля? Няхай сушаць сабе галовы iншыя, а я вось пражыў дзень, i добра. Будзе заўтра, буду тады й думаць. Яшчэ нiколi так ня было, каб нiяк ня было. Неяк будзе.

Гэткая непарушная Вiктарава фiлязофiя ў асноўным падыходзе да жыцьця перш за ўсё адбiвалася на ягоным выглядзе. Заўсёды быў спакойны, павольны й зусiм у меру разважны. Здавалася, й думаў зусiм ня больш, чым было патрэбна, але якраз у меру, быццам ашчаджаў сваё iнтэлектуальнае знарадзьдзе. Праўда, й бяды ён у жыцьцi ня ведаў нiякай. Быў заўсёды добра дагледжаны, апрануты й накормлены, ды шчэ й капейка ў кiшэнi на дробныя расходы ня зводзiлася. Вiктарава мацi глядзела сынка як сваё вока. Вучыўся, бывала, у Глыбокiм, глядзiш - прыйдзе чацьвер, кiрмашны дзень - мацi ўжо й тут. Так i прывалачэ мяшок усякай емiны. Дый аб найменшых драбнiцах здароўя распытае й на будучыню парадзiць ды асьцеражэ, быццам той сын так ужо той будучыняй цiкавiўся.

Няхай чытачу не здаецца, што Вiктар быў расьпешчаны сынок. О не, зусiм ня тое. Калi быў ён расьпешчаны, дык толькi ледзь-ледзь, зусiм крышачку: нiколi не вымагаў больш, чым патрабаваў, ды навет часамi мог выцярпець i не адзiн недахоп. Такiм ужо быў Вiктар.

Дома пакiнуў ён, акрамя бацькоў, малодшага брата. Бацька, здавалася, зусiм мала цiкавiўся сынам не таму, што матка цiкавiлася iм цi не замнога, а мо таму, што чакаў, аж пакуль сын вырасьце, i ўжо тады будзе гаварыць зь iм як мужчына з мужчынам. Нiколi ня супярэчыў, анi не загараджваў сыну дарогi да навукi. Для яго гэтае пытаньне не iснавала. Што-ж, аб чым-жа тут i раздумоўваць? Грошы ёсьць, хлеб i скаромiна ёсьць, вопраткi - хоць завалiся, помач сынава на гаспадарцы не патрэбна, бо й сам яшчэ малады, дык чаму-ж ня вучыцца. Няхай лепшым чалавекам будзе.

III

Толькi адзiн раз, здаецца, Вiктар выявiўся ў вачох мамы дрэнным сынком. Ды мо тут крышку й непаразуменьне ў нас. Мо словы "дрэнны сынок" i ня зусiм адпавядаюць для яго характарыстыкi пасьля таго, што зрабiў. У кожным выпадку добрая Вiктарава мама ўважала, мусiць, што сыну было яшчэ не сямнаццаць гадоў, а мо, паводле яе, трынаццаць. Ды i хто-ж з нас ня ведае мамаў, якiя ўжо выгадаваўшы сваiх дзяцей на кавалераў, усё ставяцца да iх як да дзяцей цi, прынамсi, стараюцца бачыць у iх маленькiх хлопчыкаў, якiх час-ад-часу, здаецца, пагладзiлi-б i прытулiлi, а калi якая малая бяда навернецца, то й пашкадавалi-б зусiм ня так, як шкадуюць дарослых кавалераў. Зусiм пэўна тады, што гэткая добрая мацi адзiн дзень будзе нямiла рашчараваная й моцна зьдзiўленая. Гэтак было i зь Вiктаравай мамай.