Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 44

К Акула

Пакуль цягнiк сьпяшаецца, выпадае нам блiжэй пазнаёмiцца з асноўнымi асобамi аповесьцi, бо як-нiяк, а прыйдзецца падарожнiчаць зь iмi праз цэлую Эўропу. Ды й цi толькi падарожнiчаць.

II

Нашы тры гэроi былi аднагодкамi. У той час, аб якiм iдзе мова, кожнаму зь iх быў дзевятнаццаты год. Характарамi шмат розьнiлiся й быццам адзiн другога дапаўнялi. Найбольш рухавым i бадзёрым з тройкi быў Кастусь Дзежка. Ён-жа быў i найбольш зухаватым i рызыкоўным, хоць, здавалася, менш разважным, чым ягоныя сябры. Заўсёды здольны на гумар, глядзеў на жыцьцё лёгка. Амбiцыянер зь яго быў першае клясы. Здавалася, што рэдка трацiў галаву. Хоць ваенныя падзеi кiнулi яго не на выбраную iм дарогу, усё-ж i тут ён чуўся як дома, добра прытарнаваўся да новага асяродзьдзя. Здольнасьцяў у яго не бракавала. Ды ўжо калi йдзе гаворка аб здольнасьцях, дык усе тры былi не калекамi.

Уся тройка была сынамi сялянаў, якраз тых перадавых i добрасумленных, гаспадарлiвых беларускiх сялянаў, сыны й дочкi якiх за часамi гiтлераўскае акупацыi запоўнiлi беларускiя сярэднiя школы й арганiзацыi моладзi, каб узбагацiць вынiшчаныя польскiмi й бальшавiцкiмi акупантамi шэрагi сярэдняй беларускай iнтэлiгенцыi, а пасьля вырываць, адбiраць дзе што ўдасца ад акупанта, будаваць нацыянальны адмiнiстрацыйны, а пасьля й вайсковы апарат Бацькаўшчыны.

Пазнаёмiлiся мiжсобку на шасьцiмесячных настаўнiцкiх курсах у Глыбокiм. Кастусь, скончыўшы пасьпяхова курс, маючы тут-жа пад бокам у Глыбокiм бацьку, што працаваў урадоўцам у бюро акруговае ўправы Беларускае Самапомачы, паехаў у Вiльню й здаў iспыты ў Вiленскую Беларускую Гiмназiю. Ён ужо цэлы год вучыўся ў Вiльнi, а сябры яшчэ працавалi настаўнiкамi ў пачатковых школах. На наступны год прыехаў вучыцца й Сымон, што ў сваю чаргу намовiў i Вiктара. Такiм чынам усе апынулiся ў Веньцi, зь якiм чытач ужо быў знаёмлены.

Бацька Кастуся ня быў багатым. Меў усяго каля дваццацi гактараў зямлi. Другi сын быў малодшы за Кастуся. Стары Дзежка быў старанным гаспадаром, i сям'я жыла ў дастатку, навет i ў часе вайны. Шматлiкiя знаёмыя Кастусёвага бацькi, будучы ў Глыбокiм, заходзiлi ў бюро БСП зусiм без патрэбы, абы толькi пагутарыць са старым Дзежкам. Гэтае прозьвiшча нiяк не падыходзiла нi да бацькi, нi да сына: абое былi тонкiмi й высокiмi, дый зусiм ня круглымi, як звычайна бываюць дзежкi.

Стары ўмеў цiкава павесьцi гутарку зь кiм-бы там нi было й быў з тых тыповых беларускiх сялянаў, што мелi прыроджаную й практыкай разьвiтую iнтэлiгентнасьць, якая так часта прыходзiла iм на дапамогу там, дзе бракавала асьветы. Гэтак, калi Кастусь прыходзiў да бацькi й абое жартавалi, размаўляючы мiжсобку, то магло здацца, што гэта гаворыць не бацька з сынам, а два сябры цi, яшчэ лепш, два дзяцюкi, што вось-вось зьбяруцца й зараз пойдуць разам да дзяўчат. Калi-ж зойдзе патрэба й будзе якая паважная справа, то й там дадуць сабе рады. Гэта сяброўскае дачыненьне бацькi да сына высока падняло ў вачах Кастуся аўтарытэт старога, за што яго любiў i паважаў.