Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 43

К Акула

Капiтан Ласкутовiч ня ведаў, якой зорцы дзякаваць за сваё цудам выратаванае жыцьцё. Гэта цi не якi "вораг народа", працуючы дзесь на бальшавiцкай хвабрыцы, наўмысьля ўлажыў у бомбу пусты дэтанатар. Велiчынёю з добрую дзежку, яна трапiла проста ў наладаваны дровамi вагон, пад якiм ляжаў капiтан, i, не дэтанаваўшы, толькi часова яго аглушыла.

Дорага каштавала бамбардзiроўка Школе Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. Было шэсьць забiтых i пятнаццаць параненых - некаторыя цяжка. Найбольш пацярпела група юнакоў зь Нясвiжа. Забiта было i двое коней.

Ужо позна, аж пад самы вечар, школа гатовая была да далейшай дарогi. Галоўныя палотнiшчы чыгунак былi напраўленыя, i адзiн цягнiк за другiм пачалi пакiдаць станцыю, а на iх месца прыходзiлi новыя з усходу. Школа пакiнула ззаду колькi чалавек - хаваць забiтых. Усiх параненых забралi з сабою, бо Вiльня таксама знаходзiлася ў працэсе эвакуацыi.

Вечарам чацьвёртага лiпеня цягнiк затрымаўся ў Ляндварове. Каля дзевятай гадзiны чорныя рэкруты iзноў сачылi за бамбардзiроўкай Вiльнi. Паводля гуку й пажараў вiдаць было, што бальшавiкi паўтарылi ўчарашняе пекла. Дый хто ведаў, цi абмежавалiся яны зноў адно таварнай станцыяй.

Гэтак маладыя патрыёты, вучнi школы камандзераў БКА, на парозе чужога й няведамага сьвету бездапаможна хвалявалiся ў той вечар, бачачы, як крышылася й папялiлася ў полымi пажараў дарагая для iх сэрцаў гiстарычная сталiца Беларусi. Гэны вобраз яны ўтрывалiлi ў памяцi н панесьлi на чужыну. Быў гэта малюнак пакуты й цярпеньняў усяго роднага, душанага й бэшчанага чужынцам...

КОЎНА - ВIРБАЛЕН - КЭНIГСБЭРГ

I

Цягнiк iмчыцца ў заходнiм кiрунку. Ён не затрымлiваецца на малых станцыях, бо сьпяшаецца, не мае часу. Шпарка рэжа дрымотныя летувiскiя лясы, густым дымам засьцiлае ярка-зялёныя палi й квiтнеючыя сенажацi, грукатам напаўняе пушчы й дубровы. Цягнiку няма часу. Там, на ўсходзе, дзясяткi, а мо й сотнi такiх-жа цягнiкоў чакаюць на вольную дарогу. Там-жа стогнуць дарогi й палi пад цяжарам мiльёнаў ног i гусенiцаў маскоўскае навалы. Яе мэта - чым найхутчэй дайсьцi да Бэрлiну й зьнiшчыць бярлог тэўтонскага тырана - будаўнiка "Новае Эўропы". Калi гэта будзе дасягнута, найбольшаму крывапiўцу й душыцелю ўсiх часоў чалавечае гiсторыi - Джугашвiлi-Сосо-Сталiну лягчэй будзе дабрацца да горла цывiлiзаванай хрысьцiянскай Эўропы й сьвету.

Таму цягнiк не мае часу. Ён сьпяшаецца. Пасьля поўдня пятага лiпеня хутка перапаўзае шырокi павольны зялёны Нёман i затрымоўваецца ў Коўне. Тут чакае колькi гадзiн, мусiць, каб перапусьцiць наперад яшчэ пiльнейшыя, яшчэ хутчэйшыя цягнiкi, а вечарам зь яшчэ большай заўзятасьцю, пакiнуўшы сталiцу Летувы, пажырае адлегласьць, сьпяшаючы ў кiрунку Кэнiгсбергу. Так Горадня й тое "шкаленьне ў Го-раднi" застаецца збоку. Чорныя юнакi-кадэты пакiдаюць Бацькаўшчыну на доўгi час. Адзiн Бог ведае, на як доўга...