Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

К Акула

Пачалiся першыя заняткi й муштра. Беларуская каманда гучала на вялiкiм пляцы перад казармамi. Хаця юнакi ня былi прывыкшымi да вайсковага жыцьця й вечнага посьпеху, мала хто наракаў. Старалiся, бо ведалi, што ў будучынi здабытыя веды панясуць у пададзьдзелы, каб там падзялiцца iмi са сваймi родзiчамi. Вечарам, пасьля заняткаў, пад час прыгожае вясеньняе пагоды, выходзiлi на пляц i тут, у жартах, весялосьцi, з роднай песьняй праводзiлi вольныя хвiлiны.

Працаю й жыцьцём Школы кiраваў капiтан Ласкутовiч. Зь нямецкага боку за Школай наглядаў капiтан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькi беларускiх афiцэраў i падафiцэраў ды нямецкiх iнструктараў.

Жаданы лiк рэкрутаў быў асягнуты. У незадоўгiм часе Школа мела быць адчынена афiцыйна. Зь нецярплiвасьцю чакалi кадэты таго дня, набiваючы цi шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афiцыйнай маршавай парады. Адылi мала хто прадбачыў цi навет варажыў, што адкрыцьцё нiколi не адбудзецца, што час iхнае кар'еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вiсела ўжо над галавой, хаця кажны яе спадзяваўся.

III

Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунiкатах Вярхоўнага Камандаваньня Вэрмахту аб сытуацыi на франтах пачалi зьяўляцца такiя часта паўтараныя, як нехта мог-бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначаньнi, як: "эвакуавана з мэтаю скарачэньня фронту", "плянава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазыцыi" або "ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкiх стратах", ды шмат iншых падобных. Нiдзе не гаварылася аб сваiх перамогах, як калiсьцi, а толькi аб варожых стратах. Iнфармацыйнае Бюро Галоўнае Кватэры, дабiраючы найбольш адпаведную тэрмiналёгiю, старалася замаскаваць вялiкiя паразы на ўсiх франтох. Дзень 6-га чэрвеня 1944 году прынёс новую, вельмi важную для гiсторыi вестку: магутны дэсант заходнiх хаўрусьнiкаў высадзiўся ў Нармандыi. Адкрыўся другi фронт. Гiтлераў слаўны й прапагандаю размалёваны гэтак званы Атлянтычны Вал, празь якi, паводле Гэбэльса, i мыш ня мела змогi працiснуцца, а ня тое каб хаўрусьнiцкая армiя, быў вышчарблены. Ангельскiя, амэрыканскiя й францускiя жаўнеры паставiлi першыя крокi на ўзьбярэжжах Ля-Маншу. Найбольшая нямецкая цьвярдыня ў Iталii Монтэ Касыно, што сьцерагла дарогi з паўдня на Рым, была пасьля доўгiх i цяжкiх баёў здадзена ў рукi Восьмай Брытанскай Армii. Усюды адступалi "з мэтай скарачэньня фронту", заўсёды "займалi згары прадугледжаныя пазыцыi", i кожны раз "працiўнiку ўдавалася ўварвацца пры цяжкiх для яго стратах".