Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

К Акула

Нешматлiкiя з гэтых фактаў былi ведамыя тым, што знаходзiлiся пад нямецкай уладай, ды й далёка не адразу. Газэты й радыё iнфармавалi людзей зь вялiкiм спазненьнем, а вестак аб няўдачах найчасьцей не падавалi зусiм.

У мурох Школы Камандзераў БКА вучнi ня ведалi аб тым нiчога. У горад выходзiць не дазвалялася. Кожны быў больш зацiкаўлены парадкам дня й новымi абставiнамi, чымся навiнамi з прэсы. За грукатам i шумам вулiцы слаба чуваць было штораз блiжэйшае рэха гарматаў з усходу, а калi ноччу, на агульную трывогу, выбягалi хлопцы з будынкаў у вакопы, то ўважалi гэта за нармальнае ў ваенных часох зьявiшча. Часта даводзiлася сядзець у бамбасховiшчах больш за гадзiну, а па адклiканьнi трывогi з уцехаю беглi ў казармы, дзе чакала адкрытая, хоць ужо й астылая пасьцеля, каб заўтра на клiч службовага "ўставай!" iзноў як найхутчэй стаць на ногi.

IV

Вечарам 28 чэрвеня, як кажнага вечара, была склiканая зборка на малiтву перад сном. Як нiколi раней, абедзьве роты стаялi на першым паверсе. Пасьля малiтвы нямецкi iнструктар фэльдфэбэль Турн паклiкаў да сябе перакладчыка.

- Згодна з загадам вышэйшых уладаў, - пачаў ён, - заўтра ранiцою а гадзiне сёмай усе ўдзельнiкi школы маршыруюць з Менска праз Маладэчна й Вiльню на Горадню. Менск мае быць эвакуаваны. Далейшае наша шкаленьне маем прадаўжаць у Гораднi. Iдзём пехатой.

Звыш дзьвёх сотняў застылых постацяў, уталопiўшыся ў Турна, замянiлася ў слых.

- На вазы, - працягваў немец, - якiя маем, загадана заладаваць найбольш неабходныя рэчы - харчы, зброю й амунiцыю. Кажны з вас забярэ сваю стрэльбу. Атрымаеце амунiцыю. Бярыце рэчы толькi найбольш неабходныя й тыя, што па дарозе ня будуць вас залiшне абцяжарваць. Камандзеры зьвязаў вызначаць па трое чалавек, якiм аддадуць несьцi лёгкiя кулямёты. Людзi гэныя будуць поўнасьцю адказныя за зброю й няхай не асьмеляцца яе кiнуць. Калi-б хто так зрабiў, будзе караны. Зазначаю, што ўсё павiнна быць у найлепшым парадку, якi пад час эвакуацыi неабходны. Цяпер камандзеры зьвязаў дадуць iнструкцыi да парадку падрыхтоўкi. Няхай нiхто не пасьмее спаць. Я скончыў.

Гэтая апошняя засьцярога была непатрэбнай. Вестка атрымалася такой неспадзяванай i ашаламляльнай, што спаньнё нiкому ня было ў галаве. Пасьля атрыманьня дадатковых iнструкцыяў ад камандзераў зьвязаў зборка скончылася, а ў залi запанавалi крыкi й гул.

- Канюхi, давай на двор, амунiцыю ладаваць на вазы!

- Усьпееце!

- Што знача ўсьпееце? Вы забылiся аб паслухмянасьцi? Перш там зробiце, а пасьля каля сябе. Хутчэй! Дзе iншыя?

Кадэты не адразу ўзялiся за работу. Навiну трэба было абгаварыць.

- От i выйгралi вайну! Бачыў кум слiўку? Хутчэй адсюль уцякаем, чымся прыехалi. Школа ў Гораднi... Гм, гэта выглядае вiламi па вадзе пiсана...

- Як школа будзе ў Гораднi, то я буду называцца... Ну не ведаю як...

- Перадусiм калi ты там будэеш?

- А табе сьпешна?

- А што-ж не? Як атрымаеш ад бальшавiкоў у каршэнь, то пабачым, цi табе ня будзе сьпешна.

Хтосьцi зарагатаў.

- Гэта менш важна. Найважнейшае тое, што iдзём пехатою. Ты ўявi адно пехатой такi сьвет дарогi.