Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

К Акула

Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двумя хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывiцца Харыбда. I не было нiадкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне сутнасьцi iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было разьлiчваць толькi й выключна на свае собскiя сiлы.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

МЕНСК-АЛЬТКIРХ-МАРСЭЛЬ

НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА

I

22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гiтлераўскiя акупанты называлi дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавiцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавiны афiцыяльна было загадана правесьцi ў гарадох акупаванае Беларусi парады вайсковых гарнiзонаў, як нямецкiх, так i беларускiх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.

У Менску, з усходняга боку Галоўнай вулiцы, паблiзу маста на Сьвiслачы, пабудавана была вялiкая трыбуна. Над ёю беларускi бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзiнаццатай гадзiны ранiцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнiлi ходнiкi, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскалiся на шчарбатыя сьцены прывулiчных руiнаў. На трыбуне зьявiлiся высокiя дастойнiкi акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньнi сваiх ад'ютантаў i афiцэраў менскага гарнiзону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капiтанам Мiкулам.

Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афiцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай iшла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю iншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямi на шапках, яўна вырозьнiвалася сярод усяго iншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацiгадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбiраў iх з цэлай Беларусi, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай i вызначанай меркi. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабiла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.

Бадзёры роўны крок i раўнамерны тахт выклiкалi доўгiя воплескi мянчан, што прыглядалiся з абодвых бакоў вулiцы. Камандзер школы капiтан Ласкутовiч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў "зрок направа" i... "стой!". Адно гэнае "стой" выйшла зусiм слабенькае, пачутае толькi пярэдняй часткай калёны. Калi фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзiн чалавек, то заднiя, не пачуўшы каманды, ледзь змаглi ў час спынiцца як папала, каб ня ўзьбiцца пярэднiм на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, якi бывае, калi сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня.