Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

К Акула

Капiтан Ласкутовiч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вiнаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, i чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.

II

- Каб яго лiха, як яно нядобра выйшла! - жалiўся нехта, калi вярнулiся ў Паўночныя Казармы.

- I то-ж падумаць адно, гэтулькi часу маршыравалi, амаль цэлы месяц вучылiся, мазалi на нагах панацiралi, i цяпер во выйшла як на сьмех...

- Каб жа з нашай вiны!

- Тое-ж i балiць, што ня з нашай вiны, а зь ягонай..

- I то-ж, здаецца, такi здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое "стой", каб усе пачулi, цi што?

У гэны вечар кадэты мелi змогу выслухаць каля сёмай гадзiны па менскiм радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусiм аб парадзе. I вось там iзноў пачулi музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж i тое "стой", што было прычынай такой вялiкай няўдач, ды i пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..

Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Iнструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкi. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калi ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь вiны рэкрутаў, а зь вiны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калi, казаў той, толькi-толькi пасьпелi паказацца ў людзi. Затое i было крыўдна.

Калi кадэты са Школы Камандзераў БКА турбавалiся такой першай няўдачай, то гэта зусiм зразумела. Усе яны зьявiлiся ў школу ахвотнiкамi ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалi вучыцца, а не бiбiкi, як кажуць, бiць. Гэта быў у бальшынi сялянскi элемэнт. Амаль нiхто зь iх раней ня трымаў зброi ў руках. Усе мелi сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджалiся з усiх закуткаў Беларусi, - ад Вiльнi да Гомеля й ад Пiнска да Вiцебска - асноўнае, супольнае, што iх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавiсьцi да ворагаў, патрыятызм i ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэднiх школаў добра ведала, дзе ёсьць крынiцы няшчасьця народу й пастанавiла сваймi сiламi падбаць пра тое, каб iх зьлiквiдаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносiлiся кадэты надзвычай паважна й пiльна.

Гоманам перапоўнiлiся будынкi Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседнiх вулiцаў ранiцою й папаўднi прыслухоўвалiся прыгожым мэлёдыям беларускiх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалi гэтых юнакоў за палiцыю, бо-ж яны насiлi чорную вопратку, аднак хлопцы толькi ўсьмiхалiся, паказваючы з гордасьцю на Пагонi, што мелi на шапках. Мала якая iншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагонi. Яшчэ больш цешылiся, даведаўшыся, што ў хуткiм часе аздобяць свае каўняры Ярылавымi крыжамi на чырвоных палотнiшчах. Магла-б некаму дзiўнай здацца гэткая, ледзь ня дзiцячая любасьць i прывязанасьць да сваiх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусiм зялёных юнакоў. Але-ж якiм, калi ня гэткiм спосабам, маглi яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела i ўкарэньвалася ў сэрцах iхных у меру росту гвалту над беларусамi з боку бальшавiкоў i гiтлераўцаў?