Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 26

К Акула

- Трэба было табе ў кавалерыю йсьцi, то паехаў-бы...

- От i навучылiся. Я не спадзяваўся...

- Добра Коля зрабiў, што не паехаў сюды. Бачыш во, адкуль можна ведаць...

- Скончыць там гутаркi ды брацца за падрыхтоўкi, - загадаў iнструктар.

Хлопцы крыху прымоўклi. Той цi iншы паволi ўзяўся за работу. Цэлая ноч была наперадзе й нiхто надта не сьпяшаўся. Хацелася пачуць найбольш дэталяў аб заўтрашнiм падарожжы, дый аб далейшым, але нiхто нiчога ня ведаў. Кароткiя й адрывiстыя словы Турна шмат ня выясьнiлi. Самая вестка, што далейшае шкаленьне будзе прадаўжацца ў Гораднi, была вельмi сумлеўная. Хто-ж мог сказаць, што савецкi наступ будзе спынены перад Горадняй? А калi й так, то на як доўга? А пасьля - гэта амаль пэўнае - будуць iзноў уцякаць. I на чым тое ўсё кончыцца?

Што будзе зь iхнымi бацькамi, якiх пакiнулi ўдома i якiя нiчога ня ведаюць, што сяньня сынам загадана пакiнуць Менск, а за пару дзён, можа, й Бацькаўшчыну? Цi сяньняшнi загад маршыраваць на Горадню абазначаў для iх заўтрашнi загад пакiнуць Бацькаўшчыну назаўсёды? Ведалi, што Нямеччына ў крызысе патрабавала маладых людзей для працы й сiлаў для абароны на франтох. Чым стане для iх вайсковая вопратка з днём, як акупацыя ўсяе Беларусi маскоўскiм агрэсарам станецца фактам? Цi будуць змушаныя аддаць сваё маладое жыцьцё за тых, што хацелi накiнуць сьвету бяспрыкладную няволю?

Няшмат хто зь iх прыйшоў да так далёкiх рэфлексiяў. Адно кажны ведаў, што заўтра а сёмай гадзiне ранiцай паставiць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калi i чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокi на дарозе няведамай i няпэўнай, цяжкой i надта небясьпечнай.

Падрыхтовы да адыходу скончылiся блiзка ранiцы. Той цi iншы прылёг на голай пасьцелi, каб злавiць колькi хвiлiн сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзiне загадалi выходзiць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялi запрэжаныя каламажкi, а канюхi канчалi ладаваць харчы, зброю й амунiцыю.

V

У хуткiм часе зь бязладнае, гаманлiвае масы заспаных рэкрутаў сфармавалiся два асобныя доўгiя трохшэрагi, устаўленыя адзiн за другiм фронтам да зялёнага будынка, i пачаўся апошнi перагляд. Дружыновыя й зьвязовыя абыходзiлi навокал сваiх падуладных, таму цi iншаму даючы кароткiя ўвагi. Хтосьцi ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, iншы занадта абцяжыў патранташ амунiцыяй, трэцi меў, здавалася, зашмат рэчаў i нiяк ня мог парадзiць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых i спрактыкаваных. Ня радзiлi нiкому занадта сябе абцяжываць, ведаючы, што й так па дарозе шмат застанецца ззаду. Капiтан Мiкула й капiтан Шнайдар наглядалi за агульным парадкам i давалi апошнiя, зьвязаныя з падарожжам, загады. Капiтан Ласкутовiч яшчэ раней адпрасiўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям'ю. Да Афiцэрскае Школы меў далучыцца пазьней.

Калi ўсё было гатовае, капiтан Мiкула, седзячы на канi, зьвярнуўся да юнакоў з такiмi словамi:

- Хлопцы! Хачу перад маршам сказаць вам колькi слоў. Шкада, што быў кароткi час i мы яшчэ добра не пазналiся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае - прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялiкiя патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад намi стаiць вялiкая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. Не хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсьць. Перад намi цяжкасьцi й небясьпекi. Дзеля таго наша згуртаванасьць поўнасьцю неабходная. Трымайцеся разам i слухайце загадаў. Дысцыплiна - самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўнiць, што я вас не пакiну й заўсёды буду з вамi. Лiчыце на мяне ва ўсiм i лiчыце не толькi за камандзера, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блiзкiя сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер - шчасьлiвае дарогi!