Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 237
К Акула
Польскiя адзьдзелы, забраўшы каля Форлi Прэдап'ё, - маёмасьць i месца народжаньня Мусалiнi, абрабавалi паселiшча дашчэнту. Быццам на апраўданьне рабункаў прыгадвалi, што Бэнiто некалi перад вайной зь вялiкай пагардай гаварыў аб iхняй Бацькаўшчыне. Цяпер-жа галава iтальянскага фашызму са сваёй каханкай Кларай Петачы хаваўся недзе над возерам Комо.
У немцаў нiколi ня было лiшнiх iлюзiй наконт iтальянцаў i iхняй баяздольнасьцi. Паколькi, з аднаго боку, жыхары апенiнскага паўабтоку вечна славiлiся таленавiтымi творцамi й выканальнiкамi опэраў, дык з другога - iхняе ваеннае майстэрства амаль што ўвайшло ў насьмешлiвыя прыказкi. Якi-ж наiўны чалавек асьмелiўся-б спадзявацца, што яны, якiя не ваявалi навет на пачатку вайны i адмаўлялiся баранiць свае афрыканскiя калёнii, маглi раптам цяпер перарадзiцца? Фон Кэсэльрынг да такiх не належаў. Гэта-ж ня тое, што змагацца на пяскох з паўдзiкiмi ў той час i слаба ўзброенымi абiсiнцамi цi ўжо, як было напярэдаднi Другой сусьветнай вайны, схапiцца ўдужкi з грэкамi.
На поўднi, вызвалiўшы тры чвэрцi Iталii, стаяў добра дагледжаны, накормлены, апрануты, дасканала ўзброены й вышкалены жаўнер хаўрусьнiцкiх армiяў. Навет iтальянскiя фашысты ведалi, што абарона паўночнае часткi краiны была бяссэнсоўнай. Самi-ж былi занятыя праблемаю, якую нiяк нельга было адкладваць: як змыцца ў нейтральную Швайцарыю або прыхавацца-прытаiцца ў iншым зацiшным куточку.
Народ-жа бачыў, што ўся вайна была фактычна нямецкай. Дык няхай тады немцы й ваююць. Народу - абы захаваць у цэласьцi свой здабытак. Узяўшы-ж на ўвагу, што галодныя немцы жывiлiся рабункамi мясцовага насельнiцтва, гэта якраз i было найцяжэйшым заданьнем. Iснавала ў немцаў за плячыма, пераважна ў гарах, iтальянская партызанка. Былi партызаны нацыянальныя й чырвоныя, адны й другiя вельмi слаба актыўныя. Абмяжоўвалiся дробным сабатажам, а калi ўваходзiлi ў збройнае змаганьне зь немцамi, дык адно там, дзе былi ў абсалютнай лiчбавай перавазе.
II
2 сакавiка 1945 году iтальянскi мараплаў "Аргенцiна" прыбыў з Брындызi ў Анкону i выладаваў новыя рэзэрвы для франтавых адзьдзелаў Другога корпусу. Анкона ў той пэрыяд была найбольш высунутым на поўнач, вызваленым ад немцаў портам на Адрыятычным моры. У лiку прыбыўшых былi Вiктар Караткевiч, Сымон Спарыш, Аляксандр Лабун, Кастусь Дзежка й iншыя сябры. Транспартныя машыны, заладаваўшы жаўнераў, накiравалiся шырокай прыгожай шашой па самым узьбярэжжы мора, у паўночным кiрунку. Надвечар пакiнуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мiнула Пэсаро, Рымiнi, Форлi й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзiлiся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзiн Караткевiч трапiў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў - у сямнаццаты. Дзежка, Самароб i Чарнецкi былi прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун i Ялонскi - у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзiн трапiў у зьвяз "кар'ераў" роты.