Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 236

К Акула

Хутка пасьля гэтых падзеяў заглянуў у дывiзiю палкоўнiк Шувалаў. Насамперш забраў пакiнуты ў Гiршаў самаход Астроўскага. Надта надужваючы мову Пушкiна й Дастаеўскага, ён лаяў прэзыдэнта БЦР i ягоных ад'ютантаў за тое, што, выяжджаючы з Бэрлiну, забралi ўсе ягоныя харчовыя й iншыя запасы. Хаця-нехаця граф цяпер галадаў. Зьявiлiся ў дывiзii i ўсе старыя афiцэры, што былi раней на Лiхтэнэрштрасэ адкiнутыя Зiглiнгам як няздольныя да ваеннай службы.

У пачатку красавiка завiтаў да Кушаля галоўны шэф Саюза Беларускае Моладзi Мiхась Ганько й паведамiў, што маса беларускае моладзi знаходзiцца непадалёк у Судэтах i што ён ня ведае, што зь ёй рабiць. Кушаль раiў прывесьцi моладзь у дывiзiю, бо ў крытычны момант найлепш быць разам. Ганько абяцаў зрабiць гэта ў найхутчэйшым часе. Адылi анi самога шэфа СБМ, анi ягонае моладзi нiхто больш у дывiзii ня бачыў. Як скрозь зямлю правалiлiся.

НАД СЭНЬЁ

I

Раньняй вясной 1945 году хвалiстая лiнiя фронту ў Iталii прабягала, пачынаючы з захаду ад Генуйскае затокi, праз паўночны хрыбет Апенiнаў у кiрунку на ўсход, адразаючы над Адрыятычным морам малы паўдзённа-ўсходнi трохкутнiк ураджайнай далiны По. Гэтак званая Лiнiя Готаў - сэрыi нямецкiх абаронных умацаваньняў у паўночных Апенiнах, што сьцераглi падыход да стратэгiчна важнай далiны ракi По, - была ў шматлiкiх месцах праломаная. Дзьве зьнедужэлыя нямецкiя армii - дзесятая й чатырнаццатая - пад камандаю фельдмаршала фон Кэсэльрынга за ўсякую цану старалiся ўтрымаць пазыцыi. Таскана была ў руках амэрыканскае Пятае армii, а брытанская Восьмая, у склад якое ўваходзiў Другi корпус Андэрса, заняла частку правiнцыi Эмiлii з гарадамi Форлi. Фаэнцай i Равэннай. Старажытная Балёнiя ляжала ў адлегласьцi каля сарака кiлямэтраў ад перадавых пазыцыяў Восьмае армii.

У сваiх стратэгiчна нявыгадных пазыцыях немцы ня мелi шансаў на працяглае ўтрыманьне фронту. Маглi адно апазьнiць пераможны наступ хаўруснiцкiх армiяў на поўнач. Румынскiя нафтавыя палi ў Плаешты, што забясьпечвалi патрэбы нямецкае армii, ляжалi ў папялiшчах. Пры недахопе палiва Вэрмахт ня мог лiчыць на падтрымку анi панцырнай зброi, анi люфтвафэ. Цяжка было й з транспартам. Жалезныя клешчы хаўрусьнiцкiх i бальшавiцкiх армiяў падпаўзалi ўжо пад Бэрлiн, душылi за гарляк Гiтлераў "тысячагадовы Райх", што дрыгаў у перадсьмяротных канвульсiях. Фон Кэсэльрынг ведаў, што абарона iтальянскага бота была безнадзейнай. Хаўрусьнiкi рыхтавалiся да апошняга рашучага наступу.

Асноўныя надзеi даводзiлася немцам пакладаць на галодную перамучаную пяхоту. Сьцiплыя харчы й амунiцыю з прычыны недахопу палiва падвозiлi iтальянскiмi валамi. Часта й густа жылi харчамi мясцовага насельнiцтва. Дарма, што лаяўся "хаўрусьнiк" Мусалiнi - ня было iншай рады. Ды немцы на дыктатара Бэнiто не надта й зважалi. Цi-ж то не Скарцэнi ўкраў яго з горнай цьвярдынi з рук хаўрусьнiкаў пасьля адыходу на другi бок маршала Бадольё? Дык паколькi квадратнагаловы дыктатар заўдзячваў Гiтлеру сваё жыцьцё, навошта было яго на ўвагу браць? I так днi ягоныя былi палiчаныя.