Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 239

К Акула

- Ня пiлi, пане капрал, але вось крышку пацягнулi, каб смагу прагнаць, вось што...

- Вiдаць, што й казаць...

Некалькi жаўнераў выйшла з хаты, прыблiзiлiся i тыя, што поркалiся каля кар'ераў, каб пачуць навiну.

- Я вам кажу, пане капрал, - прадаўжаў Пранук, - вось такую, з гэтую хату, бочку вiна мы найшлi, дый не адну, вось што. Так, пане капрал, вось як...

- Не жартуеш? - заблiшчэлi ў капрала вочы. - То надта добра. Але ты, браце, перш iдзi, дакладзi сяржанту, а пасьля аб вiне...

- Ну, што там новага прынесьлi? - пытаўся Пранука й Кашыбанду сяржант Ядлецкi, седзячы пры стале й разглядаючы нейкiя паперы.

- Пане сяржанце, усё добрае, - пачаў Пранук.

- Ёсьць там хто ў той хаце?

- Нiкога няма, пане сяржанце, толькi...

- Толькi?

- Нядаўна нехта там быў.

- Як вы гэта ведаеце? - Сяржант устаў ад стала.

- Нехта прастрэлiў вялiзную кадушку з вiном; такая вялiкая яна, што, можа, пяць тысяч лiтраў мае i больш чым напалавiну поўная. Дзюркi мы так-сяк пазаторквалi, але вiно ўцякае. Трэба было б...

I тут Кашыбанда, дапамагаючы Бонку словамi, у якiх вычуваўся жаль п'янiцы, што ўцякае "боскi нэктар", лямантаваў, што трацiцца так цэнная й зусiм неабходная для жаўнерскага жыцьця вадкасьць. На ягоную думку, варта было-б перашкодзiць поўнай катастрофе - пад'ехаць туды на "кар'еры" i напоўнiць пару бочак вiном.

III

Хата, аб якой была мова, знаходзiлася на правым флянгу ад пункта зьвяза "кар'ераў", нейкiх мэтраў за дзьвесьце ўзад. Яшчэ раней сяржант выслаў Бонка й Кашыбанду ў гэны бок на разьведку й вось цяпер атрымаў такi рапарт. Разьведчыкi даводзiлi, што немцаў нiдзе ня бачылi, што вiно было сярэдняй моцы й добрай якасьцi, хоць i "б'янко" (белае), ды што яны ўжо зусiм нядрэнна, паспрабавалi.

У гэтым апошнiм сяржант Ядлецкi ня меў сумлеваў, добра ведаючы ўсiх людзей свайго зьвязу, зь якiмi зжыўся на працягу вайны, за выняткам хiба новага Сымона.

- Што-ж... Як хочаце, дык пад'едзьце. Толькi не цяпер, а як сьцямнее. Ды ўважайце, каб пацiхеньку, каб часамi не папасьцiся.

Гэтага толькi й трэба было. Два разы не давялося паўтараць. Хутка на адным, звольненым ад амунiцыi й зброi "кар'еры" зьявiлiся дзве пустыя бочкi й лейкi, знойдзеныя тут-жа, на месцы. Чатыры чалавекi, у тым лiку й Сымон, якога папрасiлi дапамагчы ў такой важнай апэрацыi, ледзь маглi дачакацца цямна.

Ноч была цiхая й цёмная. У шматллiкiх месцах фронт гудзеў перастрэламi. З польскага боку адзывалiся "брэны", а з нямецкага - "спандалы" (гэтак хаўруснiкi называлi нямецкiя кулямёты "машынгэвэр цвай унд фiрцыг" ад месца iх прадукцыi ў Спандаў каля Бэрлiну). Радзей шумелi ў паветры снарады зь мiнамётаў. Ня маючы дакладна вызначанай мэты, яны стралялiся адно з мэтай дакучаньня працiўнiку й атрымалi мянушку зводзячых.

Па гладзенькай, вылажанай каменьнямi мiжхутарнай дарожцы несамавiта гудзеў гнаны Бонкам "кар'ер".

- Павальней! Сьцiшы матор! - асьцерагаў шафёра адзiн зь ездакоў.

- Надта-ж, халера, чуваць. Каб хаця швабы не аблажылi нас мiнамi.

Ледзь пасьпеў перасьцерагчы, як непадалёк вялiкiм рэхам тарганулася начная цiшыня. Адна мiна, другая, трэцяя. Усе кулём пакацiлiся на зямлю. Пачакаўшы колькi часу, з поўначы прынесла яшчэ тры.