Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 235
К Акула
Годам пазьней уступiў у польскую армiю ў якасьцi прафэсiйнага афiцэра й скончыў афiцэрскую школу ў Варшаве. Далей скончыў спэцыяльную школу па спэцыяльнасьцi "цяжкiя кулямёты", быў прыдзелены ў 66-ты пяхотны полк, дзе й камандаваў падафiцэрскай школай. У 1932 годзе быў пераведзены ў корпус кадэтаў, дзе камандаваў ротай на працягу чатырох гадоў. Адгэтуль прыдзялiлi яго ў школу падхаронжых рэзэрву ў Пултуску. Такiм чынам праз усю службу ў польскай армii Кушаль займаў камандныя становiшчы ў вайсковым школьнiцтве.
У 1939 годзе браў удзел у баёх супраць немцаў, галоўным чынам як камандзер батальёну ў абароне Львова. 17 верасьня на загад камандзера Львоўскага корпусу абаронцы гораду капiтулявалi перад Чырвонай Армiяй. Гэткiм чынам, апынуўшыся ў бальшавiцкiм палоне, Кушаль скончыў другi этап вайсковае службы - у армii польскай.
Ад 1941 года пачаўся трэцi разьдзел Кушалевай вайсковай службы - гэтым разам для свайго беларускага народу. Аб гэтым чытач ведае з раней намi прыгадванага. Пасьля арганiзацыi дапаможнае палiцыi, Беларускае Краёвае Абароны, Кушаль, ужо ў рангу падпалкоўнiка, займае становiшча рэфэрэнта вайсковых спраў пры БЦР аж да прыходу генэрала Канстантына Езавiтава, пасьля чаго зноў вяртаецца на становiшча Камандуючага Беларускае Краёвае Абароны.
V
У канцы сакавiка 1945 году, прыехаўшы з Бэрлiну ў Гiршаў, Камандуючы БКА знайшоў дывiзiю "Беларусь" у поўным развале. Зiглiнга, як вiдаць было, папярэдняя практыка ў Эльзасе здабываць давер у беларусаў не навучыла. Як магло, прыкладна, падабацца беларускаму радавому, што першы-лепшы нямецкi капiтан загадваў падпалкоўнiку Сокал-Кутылоўскаму, камандзеру батальёна, што той мае рабiць. Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер Слуцкае дывiзii ў змаганьнi супраць бальшавiкоў, быў нацыянальным, агульнашанаваным i ведамым гэроем. Тое, што кожны немец меў верх над беларускiм афiцэрам, было ў Зiглiнга агульнай практыкай - раней у Эльзасе й цяпер у Баварыi.
Зь мясцовасьцяў, куды надыходзiлi амэрыканцы, немцы вывозiлi моладзь, якую пачалi арганiзоўваць у новую дывiзiю СС "Нiбелунгi". Таму, што для яе ня было нi зброi, нi iншых вайсковых матэрыялаў, немцы панадзiлiся адбiраць патрэбнае ў жаўнераў i афiцэраў дывiзii "Беларусь". Пакiдалi беларусам адну стрэльбу цi адзiн кацялок на некалькi чалавек. Акцыя гэта выклiкала ў людзей падазрэньне, што немцы хочуць зрабiць зь iх рабочыя адзьдзелы дзеля капаньня акопаў.
Камандзерам "Нiбелунгаў" назначаны быў Зiглiнг, а "Беларусi" - маёр Гэнэфэльд. Быў гэта недалужны, паклiканы з рэзэрву стары. Даў ён падпалкоўнiку Кушалю вольную руку, i гэткiм чынам камандуючы БКА стаўся фактычным камандзерам беларускага адзьдзелу.
Кушаль неадкладна выкарыстаў новаствораную сытуацыю. У першую чаргу склiкаў сход афiцэраў. Пераканаў iх, што ў гэткiя цяжкiя й крытычныя часы мусяць любой цаной трымацца разам са сваiмi людзьмi. Адно арганiзаваным парадкам могуць супольна ўтрымацца пры жыцьцi, ды, апрача гэтага, захаваньне арганiзаванасьцi будзе мець для беларусаў вагу й з боку палiтычнага. На наступны дзень такiя самыя гутаркi ўсе афiцэры правялi ў сваiх адзiнках. Войска пачало рэгулярна выходзiць на заняткi, неўзабаве ў дывiзii "Беларусь" наладзiлася нармальнае вайсковае жыцьцё.