Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 231

К Акула

Палкоўнiк Шувалаў абняў рэфэрат вайсковых спраў пры БЦР на месца Езавiтава. "Тоже белорус" зусiм нядрэнна адчуваў сябе ў новай ролi, хаця шкадаваў, што надта-ж раптоўна пачалi малёць ягоныя запасы прадуктаў. У хуткiм часе навет i працаўнiкi БЦР прывыклi да новага твару. "Няхай будзе й адзiн маскаль на завод", - жартавалi мiжсобку. Маючы такога прэзыдэнта, дык яно ўсяго спадзявацца было можна: навет i графа-расейца на становiшчы найвышэйшага вайсковага чыноўнiка БЦР.

ДЫВIЗIЯ "БЕЛАРУСЬ"

I

26 лiстапада 1944 году, калi амэрыканцы й французы зрабiлi вялiкi пралом фронту на адрэзку Бельфорт - Эпiналь - Альткiрх, паглынуўшы амаль усю трыццатую пяхотную, слаба ўзброеную дывiзiю, палкоўнiк Зiглiнг выратаваўся са сваiм штабам i са жменяю жаўнераў, пераважна немцаў.

Параза вялiкай неспадзеўкай для Зiглiнга ня была. Быў ён занадта дасьведчаным камандзерам, каб яшчэ перад няўхiльным наступам хаўрусьнiкаў мець нейкiя перабольшаныя iлюзii пра баяздольнасьць цi вытрываласьць сваiх жаўнераў. Ведаў, што войска было слаба ўзброенае навет ручной зброяй, не гаворачы ўжо аб тым, што ня мела для падтрыманьня панцырных адзьдзелаў i даволi артылерыi. У людзей ня было нiякай ахвоты да супрацiву. Масавыя дэзэрцыi ў жнiвенi й верасьнi былi яшчэ адным лiшнiм довадам, што людзi адно чакалi нагоды, каб апынуцца на другiм баку фронту. Рэпрэсii, якiя Зiглiнг змушаны быў правесьцi мiж афiцэрскага й радавога пэрсаналу, яшчэ больш зьняверылi й зьнеахвоцiлi людзей да немцаў. Людзi ня толькi незадаволеныя былi недахопам харчоў, цёплае вопраткi й зброi, яны ўжо наогул страцiлi ўсялякую ахвоту да прадаўжаньня змаганьня.

Аб усiм гэтым палкоўнiк добра ведаў. Усё-ж лiчыў, што навет i ў гэткiм стане войска ягонае здольнае будзе паставiць, прынамсi, мiнiмальны, супрацiў. Нiяк не магло памясьцiцца ў ягонай галаве, што можа стацца так, як фактычна адбылося пазьней: амаль усё войска, акрамя немцаў, дый тых ня ўсiх, без вялiкага бою перачакала першую артылерыйскую бамбардзiроўку працiўнiка ды, калi непрыяцельская пяхота й панцырныя адзьдзелы папаўзьлi наперад, тысячамi пайшло ў палон.

Зiглiнг, вiдаць, быў занадта аднабаковым у сваiх разважаньнях i заслаба ведаў беларусаў наогул, навет i тых, пад сваёй камандай, каб памяркаваць, што прычыны паразы былi шмат глыбейшымi. Нацыянальна сьведамыя й iдэйныя беларусы ня мелi намеру ратаваць учарашняга акупанта свае Бацькаўшчыны. Яны даўно й ясна ўявiлi, што iхнi супрацiў амэрыканцам цi французам, да якiх не адчувалi наймалейшае варожасьцi, будзе адно дарэмным кровапралiцьцем.

Найбольшай неспадзеўкай для Зiглiнга была поўная адсутнасьць супрацiву з боку батальёна Мураўёва. Як-нiяк - гэта-ж быў пробны батальён, якi, паводле ранейшых мяркаваньняў, меў быццам-бы адкупiць вiну, за дэзэрцыi, аддаць немцам доўг за той давер, якiм яго абдарылi, паставiўшы на ўсе камандныя становiшчы афiцэраў беларусаў i расейцаў. Сам маёр Мураўёў быў добрым i давераным сябрам Зiглiнга, на яго палкоўнiк пакладаў вялiкiя надзеi, добра ведаючы ягоныя баявыя здольнасьцi й заслугi. Таму Зiглiнг i паставiў батальён на самым цэнтральным i найважнейшым адрэзку дывiзiйнага фронту - тут-жа перад варотамi iндустрыяльнага Мюльгаўзэну. Бяссупрацiўны пераход Мураўёва й ягоных людзей да французаў адабраў у Зiглiнга апошнiя рэшткi даверу, якiя ён меў яшчэ да гэтых "унтэрмэншаў".