Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 232

К Акула

II

Здаючы рапарт аб поўным разгроме свае дывiзii вышэйшаму начальству, Зiглiнг прыгадаў ня толькi аб слабым узбраеньнi, недахопе падтрымкi з боку панцырных адзьдзелаў, браку харчоў, але вялiкi нацiск палажыў i на тое, што гэтыя чужыя людзi ня вартыя былi нямецкага даверу.

- А што-ж мы на гэта парадзiм? - запыталiся ў адказ. - Сваiмi-ж людзьмi ўсiх дзiрак не залатаем.

Зiглiнг падаў заяву з просьбаю, каб пераслалi яго ў чыста нямецкi адзьдзел. Меў надзею, што хаця перад канцом вайны будзе мець магчымасьць змагацца побач людзей, якiм мог поўнасьцю давяраць. Быў ён чыста франтавым афiцэрам, ня любiў iнтрыгаў, ня любiў уваходзiць у розныя псыхiчныя цi iншыя прычыны непаслухмяных i недаверлiвых людзей. Хацеў быць на самым перадзе, дзе гаворыць адно зброя й дзе ведаеш, што калi ўпадзеш, дык цябе падбяруць, перавяжуць i дагледзяць, дзе твой афiцэр цi баявiк-сябра збоку - твой прыяцель, якi падобна думае, мае супольныя iнтарэсы й турботы.

Палкоўнiк спадзяваўся на задаваленьне сваёй просьбы не таму, што нядаўна страцiў на фронце масу людзей, але таму, што лiчыў, што армiя патрабуе маладых, энэргiчных, загартаваных у баях афiцэраў. За гэткага, бязумоўна, сябе ўважаў. Быў-бы задаволены, калi-б атрымаў навет батальён. Адылi ягонай просьбе наадрэз адмовiлi. Наадварот: нядвузначна сказалi, што паколькi змог у такi рэкордна кароткi час страцiць столькi людзей, то ад яго цяпер будуць чакаць, каб у рэкордна хуткi час прывёў дывiзiю да ранейшага стану.

Усё было амаль па-старому: Зiглiнг заставаўся камандзерам дывiзii, у складзе якой была адно жменька нямецкiх афiцэраў. Таксама, як некалi ў лiпенi пад Варшавай, трэба было папаўняць яе людзкiмi сiламi з раней акупаваных усходнiх земляў - пераважна зь Беларусi. Дый часу на рэарганiзацыю надта мала было. Гэта палкоўнiку надта-ж ня прыйшло да смаку, асаблiва цяпер, калi поўнасьцю страцiў да беларусаў давер. Калi-ж глядзець на ягоную асабiстую кар'еру, Зiглiнг вярнуўся да пункту, на якiм знаходзiўся пад час першай арганiзацыi трыццатай дывiзii каля Варшавы, з той адно розьнiцай, што ў ягонай вайсковай кар'еры зьявiлася вялiкая чорная пляма: параза ў Эльзасе. Хто ведае, цi ўдасца яе сьцерцi.

Яшчэ адно, цi ня самае найгалоўнейшае, выявiлася пры абмяркаваньнi новай сытуацыi, у якой знайшоўся: Зiглiнг бачыў, што вайна блiзiлася да канца, параза Трэцяга Райху была нямiнучай, а значыцца, яму не стане часу, каб набраць новых людзей i прывесьцi iх хоць да частковай баяздольнасьцi. Гэткiм чынам новы загад вышэйшых вайсковых уладаў разумець трэба было як поўную адстаўку назад на пазiцыю школьна-адмiнiстрацыйнага афiцэра. Гэта й было для яго найбольшай карай, не ўспамiнаючы ўжо таго, што палкоўнiку даўно карцiла ня мець нiчога супольнага з "унтэрмэншамi" з усходу.