Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 233
К Акула
III
У пачатку сьнежня 1944 году палкоўнiк Зiглiнг разам з недабiткамi з Эльзасу прыехаў у баварскае мястэчка Гiршаў, недалёка на ўсход ад Нюрнбэргу. Зрабiўшы невялiкiя зьмены ў сваiм штабе, распачаў працу. Людзi набiралiся зь недабiткаў розных iншых адзьдзелаў, амаль з цэлай Нямеччыны. Нямецкага iнструктарскага пэрсаналу напачатку хапала. Людзi, накiраваныя да яго загадамi зьверху, былi пераважна беларусамi. Заняты плянамi адбудовы трыццатае дывiзii, камандзер не спасьцярог, як мiнуў Новы год. У пачатку студзеня атрымаў з Бэрлiну тэлеграму, каб зьявiўся туды на iнспэкцыю Першага Беларускага Кадравага Батальёну на Лiхтэнэрштрасэ дзеля магчымага ўключэньня яго ў сваю адзiнку.
У Беларускай Цэнтральнай Радзе адбылася нарада Зiглiнга з Астроўскiм i Езавiтавым. Пасьля настойваньня двух апошнiх i кансультацыi са сваiмi ўладамi немец згадзiўся, каб дывiзiя называлася "Беларусь" i каб камандны склад быў беларускiм да камандзера батальёна ўлучна. Немцы мелi быць адно iнструктарамi. Згадзiўся й на тое, каб пры iм быў беларускi афiцэр - сувязны памiж Беларускай Цэнтральнай Радай i дывiзiяй.
Дамовiўшыся аб усiм, Зiглiнг паехаў на Лiхтэнэрштрасэ. Уважна перагледзеўшы выстраеных беларускiх вайскоўцаў, сказаў, што старэйшых векам у дывiзiю ня прыме. Крыху пазьней зьявiўся ў Бэрлiне пасланы Зiглiнгам маёр. Атрымаўшы ад Езавiтава сьпiсы людзей, праверыў iх, пасадзiў на чыгуначны транспарт i павёз на поўдзень.
Усё гэта зрабiла на падпалкоўнiка Кушаля - камандуючага Беларускае Краёвае Абароны - надта цяжкое, навет трагiчнае ўражаньне. Выглядала, Беларуская Цэнтральная Рада перадала немцам беларускiх вайскоўцаў, што марылi аб змаганьнi за Беларусь, як звычайнае гарматнае мяса. Ды ня было для беларусаў нiякае рады. Становiшча было цяжкае.
На афiцэра сувязi мiж Зiглiнгам i БЦР вызначаны быў маёр Барыс Рагуля, якi тады-ж выехаў у Гiршаў, у ваколiцах якога разьмясьцiлiся жаўнеры Беларускага Кадравага Батальёну. На сваiм становiшчы маёр Рагуля быў надта коратка. Немец намагаўся быць у дывiзii поўным гаспадаром, зусiм не зважаючы на Рагулю. Атрымаўшы беларускiх афiцэраў i радавых, хутка пастараўся забыцца аб умове з БЦР i беларускаму маёру не надаваў больш вагi. Калi-ж той неаднаразова дамагаўся ганараваньня ўмовы, перадусiм забясьпячэньня адзьдзелаў беларускiм камандным пэрсаналам, немец хутка знайшоў добрую прычыну, каб яго пазбыцца. Запрапанаваў Рагулi паехаць на школу перашкаленьня штабовых афiцэраў дзесь на Памор'i.
Маёр Барыс Рагуля чуў аб лёсе, што сустрэў капiтана Мiкулу ў Эльзасе, i ведаў прычыны яго. Наважыў, што ня было патрэбы яму стацца другiм Мiкулам, бо для беларускае справы гэта ня прынесла-б нiякае карысьцi, таму й выехаў у прапанаваную школу. Гэткiм чынам Зiглiнг застаўся поўным панам у дывiзii i, маючы ўжо звыш паўтары тысячы людзей, распрацаваў пляны ды пачаў заняткi.
IV
Штоначы, а нярэдка навет i пры дзённым сьвятле, безабаронны з паветра Бэрлiн цярпеў жахлiвыя налёты амэрыканскае авiяцыi. Аднойчы моцнае бамбардаваньне пашкодзiла гасподу Беларускае Цэнтральнае Рады на Вайсэнзэе. Пад час паветранае атакi працаўнiкi БЦР зь сем'ямi хавалiся ў падвале будынку. Бомба трапiла якраз над самымi галовамi, шмат хто страцiў прытомнасьць, у iх лiку й сам прэзыдэнт Астроўскi. Iншая бомба лучыла ў будынак на Лiхтэнэрштрасэ, дзе месьцiлася рэшта беларускiх вайскоўцаў. Забiтыя былi адзiн афiцэр i ягоная жонка. Пасьля гэтага сябры БЦР i працаўнiкi яе пачалi неарганiзавана пакiдаць Бэрлiн, кiруючыся на захад i на поўдзень.