Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 230
К Акула
Адседжваў палон у абозе блiзу Бэрлiна. На пачатку 1945 году нейкiм чынам Шувалаў даведаўся, што ў Бэрлiне знаходзiцца Беларуская Цэнтральная Рада й арганiзуецца беларускае войска. Вестка моцна яго зацiкавiла. Надта-ж абрыдзеў той палон. Цэлыя вунь чатыры гады праседзеў бязьдзейна, хоць наракаць не было на што: сваякi з Ангельшчыны праз Чырвоны Крыж прысылалi розныя харчовыя прадукты, улучна з найбольш рэдкiмi й цэннымi ў тыя галодныя ў Нямеччыне часы цыгарэтамi й кавай.
Другi-б, чаго добрага, сядзеў-бы вунь, дасыта наеўшыся ды Бога хвалячы, канца вайны чакаў. Але-ж чалавек ня камень, асаблiва яшчэ такi, як граф Шувалаў. Меў вунь чыны й пашану, усюды, казаў той, дзе патрэба была, дык i праз заднiя дзьверы патрапляў улазiць. Абрыдзеў палон, сядзеньне безнадзейнае тое, дый годзе. Прыгадалася графу, што ён "тоже белорус", бо некалi дзесь там у Магiлёўшчыне "поместье" меў. Гэткага падмацавальнага аргуманту для навазнойдзенай нацыянальнасьцi было даволi. Пачаў граф варушыць мазгамi.
Зь нямецкiм камандантам абозу пайшло як па масле, асаблiва калi на падмацаваньне просьбы падасьпелi такiя аргуманты, як кава, цыгарэты й шакалад. Гэткiм чынам у студзенi 1945 году ў канцылярыю прэзыдэнта БЦР, у суправодзе двух нямецкiх вайскавiкоў, заявiўся высокi, стройны, худы й цёмны з твару, звыш пяцiдзесяцiгадовы расеец Шувалаў i запрапанаваў свае паслугi як выдатны вайсковы спэцыялiсты.
Граф ня мог трапiць да Астроўскага ў лепшы час. Апошнi неяк зусiм з увагi выпусьцiў тое, што "спэцыялiст" на працягу апошнiх чатырох гадоў вайны адно бiбiкi, як кажуць, забiваў i што шмат чаго зь ягонай галавы з галiны той спэцыялiстыкi выветрыла. Расеец, ясна, ня мог ведаць матываў Астроўскага. Прыняцьцём яго ў Беларускую Краёвую Абарону й прыхiльным прыёмам быў мiла зьдзiўлены.
Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады пад час iнтэрвью, паставiўшы колькi зручных ключавых пытаньняў, хутка зразумеў, што ёсьць нагода адным стрэлам двух зайцаў забiць: першым зайцам быў генэрал Канстантын Езавiтаў, на якога даўно вастрыў зубы, а другiм - Шувалавы "вещественные доказательства" графскай вартасьцi (ня так ужо й сьцiплыя запасы розных харчовых прадуктаў, аб якiх палкоўнiк неаднаразова ўспомнiў, не забываючыся, ясна, падкрэслiць сваё графскае паходжаньне, сваю "беларускасьць" дый жывую крынiцу тых прадуктаў у Ангельшчыне). Астроўскi быў надта такой хадою падзей задаволены й ня турбаваўся, што новы "беларус" гаварыў нейкай польска-маскоўска-беларускай макароншчынай.
Захады перад нямецкiмi ўладамi аб звальненьнi палкоўнiка Шувалава з палону й адданьне яго ў дыспазыцыю Беларускай Цэнтральнай Рады хутка закончылiся посьпехам. Шувалаў, акрамя прадуктаў, быў назапашаны й грашыма. Астроўскi запрапанаваў яму пасялiцца ў сваёй прыватнай кватэры. Як прэзыдэнт, так i ягоныя ад'ютанты вельмi ўсьцешылiся такому госьцю й асаблiва захаплялiся ягоным спорным багажом. Неўзабаве ў памяшканьнi ў Астроўскага пачалося новае, шмат весялейшае жыцьцё.