Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

К Акула

Каб ацанiць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявiць, колькi шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьцi беларускаму народу, будучы на становiшчы прэзыдэнта БЦР, iншы чалавек, прыкладам, адзiн з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычынiлiся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кiдацца ў скрайнасьцi й гладзiць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабiць, ды не зрабiў.

... I КОЛЬКI СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ

На заканчэньне нашай кароткай, даволi павярхоўнай i некамплетнай характарыстыкi падзеяў i некаторых людзей у занятай гiтлераўскiмi акупантамi Беларусi ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьлiць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну цi дзейнiк, ад якое й выводзiлiся ўсе няшчасьцi, мiльённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - i рабiлiся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былi сталiнска-бальшавiцкiя апэратыўныя групы чэкiстых, чырвоныя партызаны.

Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад:

"Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў..."

Няцяжка адгадаць, што маскоўскi кат-душыцель хацеў зрабiць зь Беларусi суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, i то з прычыны маланкавага наступу гiтлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазьней загад у ладнай меры быў выкананы. Мала таго! Першапачатковая iнструкцыя, вiдаць, пазьней пашырылася i ў пляны татальнай вайны ўвайшла таксама дырэктыва масавага вынiшчэньня ўсяго жывога насельнiцтва й ягонага матар'яльнага iнвэнтару. Мусiць прыцiснуты да сьцяны крамлёўскi дыктатар лiчыў, што цывiльнае безбароннае жыхарства, у тым лiку старыя, жанчыны й дзецi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi, былi ня менш важным прадметам для лiквiдацыi, чымся самыя, чыста мiлiтарнага значэньня, аб'екты. Людзi пад загадамi Крамля бесьперапынна й мэтадычна праводзiлi ў жыцьцё сталiнскi загад, а азьвярэлыя гiтлераўскiя фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якiх прыгадвалася вышэй, памагалi сталiнцам рукамi сваiх i чужых, варожых беларускаму народу, элемэнтаў.