Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 217
К Акула
Слухаючы, здавалася, што й сам лейтанант Олесь ня надта верыў у гэтае "ператрываньне" й перамогу.
- Крымская афэра, як вам ужо ведама, паказала, да чаго здольны тыя, якiх мы ўважалi за сваiх хаўрусьнiкаў. Яны зрабiлi з ворагам гандаль нашым коштам. Яны нас здрадзiлi. Выглядае цяпер, што Ангельшчына й Амэрыка перастануць прызнаваць наш адзiнапраўны лёнданскi ўрад. Але гэта ня значыць, што й мы перастанем прызнаваць яго. Ялта цi ня Ялта, ён - адзiны ўрад, вакол якога згуртаваны ўвесь польскi народ. Мусiм згуртавацца ля яго яшчэ шчыльней, каб з большай упэўненасьцю iсьцi да мэты. Лёнданскi ўрад - адзiная наша апора й адзiны легальны ўрад Польшчы.
Для паiнфармаваньня чытача мусiм прыгадаць, што падчас Другой сусьветнай вайны Сталiн утварыў з польскiх камунiстаў, гадунцоў Масквы, гэтак званы Люблiнскi камiтэт, перайменаваны пазьней у Варшаўскi ўрад. На канферэнцыi ў Ялце Сталiн дамагаўся ад заходнiх хаўруснiкаў прызнаньня гэтага камунiстычнага твора як адзiнапраўнага ўраду Польшчы. Хаўруснiкi ня надта настойвалi, што эмiграцыйны ўрад у Лёндане, пад загадам якога быў другi корпус у Iталii, першы корпус Мачка ў Галандыi, нешматлiкi марскi флот й паветраныя сiлы, ды (пакуль яно трывала) збройныя сiлы Варшаўскага паўстаньня, быў адзiным легальным польскiм урадам. Справу разьвязалi кампрамiсам.
Да часу вольных выбараў у парлямант у акупаванай савецкiмi войскамi Польшчы наважылi ўтварыць урад з двух iснуючых урадаў. Гэткiм чынам польскi вызвольны фронт поўнасьцю прайграў, а маскоўскi чырвоны дыктатар атрымаў вольную руку ў акупаванай краiне.
Пасьля абвешчаньня Ялцiнскае ўмовы на Захадзе вялiкая частка палякаў страцiла надзею на вызваленьне Польшчы. Нашчадкi Касьцюшкi й Пiлсудзкага добра ведалi цану маскоўскiм словам, i адно самыя наiўныя маглi верыць, што Польшча пасьля вайны нейкiм чынам станецца вольнай. Да такiх наiўных, як выглядала, лейтанант Олесь не належаў.
- Я раней казаў i цяпер кажу, - прадаўжаў ён, - што канфлiкт мiж заходнiмi хаўруснiкамi й Масквой нямiнучы. Гэта толькi справа часу. Мусiм ня трацiць веры, мусiм захаваць свае сiлы да апошняга бою.
Афiцэр адчытаў спэцыяльны загад камандзера Другога корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, якi закранаў Ялцiнскую канферэнцыю, ейныя пастановы ў справе Польшчы й заклiкаў жаўнераў ня толькi прадаўжаць няскончанае змаганьне зь Нямеччынай, але вытрываць i мацавацца духам у далейшым.
Вучнi падафiцэрскае школы таго-ж самага дня разышлiся па сваiх адзьдзелах. Нашы гэроi, вярнуўшыся да Эдзi й прабыўшы там дзьве пары, атрымалi загад выяжджаць на фронт i ў канцы лютага паехалi ў Брындызi - суседнi порт на Адрыятычным моры, каб адтуль мараплавам накiравацца на поўнач.